Амбасада Беларусі адказала на заявы кіраўніка МЗС Літвы з нагоды БелАЭС і «рэшткаў сувэрэнітэту»

Беларуская АЭС

Амбасада Беларусі ў Літве выступіла з заявай у сувязі з інтэрвію міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса беларускаму інфармацыйнаму парталу TUT.BY.

У заяве амбасады гаворыцца, што «ў адрозьненьне ад кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Літвы беларускі бок разглядае беларуска-літоўскія адносіны комплексна, у іх тэма будаўніцтва БелАЭС зьяўляецца адным з элемэнтаў, хай і тым, па якім у нас ёсьць сур’ёзныя разыходжаньні».

Амбасада таксама зазначае, што называючы БелАЭС «элемэнтам, з нагоды якога мы, напэўна, так і не дамовімся», кіраўнік МЗС Літвы «публічна адмаўляе такую магчымасьць і апрыёры выключае гэтую тэму з абмеркаваньня».

«Сумна, што міністар Лінкявічус публічна ўвязвае тэму БелАЭС з разьвіцьцём беларуска-эўрапейскіх адносінаў. Гэта недальнабачны падыход. Станцыя будзе пабудаваная, Беларусь і Эўразьвяз застануцца суседзямі, якім жыцьцёва неабходна разьвіваць узаемадзеяньне па розных напрамках», — заявілі ў дыпмісіі Беларусі ў Вільні.

«Мы ўдзячныя літоўскаму боку за „клопат“ аб бясьпецы БелАЭС. Але яе будаўніцтва, якое мы плянуем завяршыць у адпаведнасьці з тэрмінамі, сувэрэннае права любой краіны — як Беларусі, так і краіны-сябра Эўразьвязу», — заявілі ў амбасадзе.

Літва будзе рыхтавацца да аварыі на БелАЭС

Словы пра «рэшткі сувэрэнітэту» кіраўніка МЗС Літвы ў амбасадзе назвалі «адкрыта неадэкватнымі рэальнаму становішчу спраў і здароваму сэнсу» і прапанавалі кіраўніцтву літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства «адысьці ад жаданьня выкарыстаць кан’юнктуру моманту ва ўласных мэтах і выбудоўваць нармальныя добрасуседзкія адносіны на доўгатэрміновую пэрспэктыву».

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус 4 траўня даў інтэрвію парталу TUT.BY, у якім сярод іншага чарговы раз выказаў сваю занепакоенасьць будучыняй ядзернай бясьпекі ў рэгіёне у сувязі з будаўніцтвам БелАЭС, а таксама пракамэнтаваў сваё ранейшае выказваньне, што ў Літве «хацелі б, каб Беларусь была сувэрэннай дзяржавай, там ёсьць рэшткі сувэрэнітэту», закрануўшы пытаньні свабоды слова, правоў чалавека, палітычных зьняволеных і статусу палітычных партыяў у Беларусі.

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?

У Літве ня раз ставілі пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, што ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, у тым ліку ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Брашура «#АстравецНебясьпечны: 10 прычынаў чаму беларуская атамная электрастанцыя гэта ВЯЛІКАЯ праблема», якую апублікаваў сайт МЗС Літвы

27 красавіка Літва чарговы раз уручыла ноту Беларусі празь меркаваны пажар на БелАЭС, на што ў МЗС Беларусі адказалі, што інфармацыя пра «пажар» на БелАЭС была прыхаваная да гадавіны катастрофы на ЧАЭС і «выкарыстоўваецца ў адкрыта палітычных і прапагандысцкіх мэтах». Літоўскі бок сьцьвярджае, што ведае ўжо пра шэсьць інцыдэнтаў на будоўлі БелАЭС, «якія выклікаюць сур’ёзныя сумневы ў якасьці праекту».

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняцькорпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Намесьнік міністра энэргетыкі патлумачыў, чаму замоўчвалі інцыдэнты на Астравецкай АЭС

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на 1 год перанесены, плянаваўся ў 2018), другога — на 2020 год.