5 траўня на могілках у вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну пахавалі Ніну Жызьнеўскую, маці беларуса Міхася Жызьнеўскага, які першым з замежнікаў стаў Героем Украіны.
Праводзіць у апошні шлях маці героя прыехалі ня толькі сваякі й знаёмыя, але і прадстаўнікі амбасады Ўкраіны, украінскай дыяспары ў Гомлі, а таксама грамадзкія актывісты з абласнога цэнтру і Менску.
Адпявалі Ніну Жызьнеўскую ў царкве сьвятога князя Аляксандра Неўскага, куды падлеткам хадзіў яе сын з марай вучыцца ў духоўнай сэмінарыі.
Ніна Жызьнеўская нарадзілася 25 чэрвеня 1956 году ў гэтай жа вёсцы Сьцяг Працы, якая раней называлася Абрэзы. У маладосьці працавала на гомельскім заводзе сантэхнарыхтовак, пасьля ў камунальнай службе. Была ў шлюбе зь Міхаілам Пятровічам Жызьнеўскім. Нарадзіла сына і дачку.
22 студзеня 2014 году іх сын Міхась, абаронца ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці і свабоды, быў забіты на Майдане ў Кіеве карцечным стрэлам у сэрца байцом спэцпадразьдзяленьня «Бэркут». Міхась Жызьнеўскі пасьмяротна ўганараваны ордэнам Герояў Нябеснай сотні, а ў чэрвені 2017 году і найвышэйшым званьнем — Герой Украіны.
У апошнія гады Ніна Васільеўна кепска сябе пачувала — ёй зрабілі апэрацыю на сэрцы, былі хворыя ногі, дапякалі гіпэртанія і цукроўка.
3 траўня жанчыну забрала «хуткая» — у яе паднялася высокая тэмпэратура. Паклалі Жызьнеўскую ў шпіталь інвалідаў вайны. Дачка Натальля кажа, што маці толкам не абсьледавалі. 4 траўня каля а 10.30 яна памерла: як запісана ў пасьведчаньні № 1203, прычынай сьмерці стала «тэрмінальная стадыя паражэньня нырак, хранічны абструкцыйны піеланэфрыт».
Мінула толькі 26 дзён, як раптоўна памёр Міхаіл Пятровіч, муж Ніны Васільеўны і бацька Міхася. Яго пахавалі побач з сынам. Сёньня да іх далучылася жонка і маці.
На разьвітальнай цырымоніі актывісты зачыталі спачувальныя словы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі:
«З глыбокім болем успрыняў трагічную вестку, што ўсьлед за бацькам Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызьнеўскага сышла ў вечнасьць яго маці Ніна Васільеўна. Гэтая сям’я паказала нам гераічны прыклад самаахвярнасьці дзеля ідэалаў свабоды і годнасьці. Даручыў МЗС Украіны аказаць сямʼі ўсю неабходную дапамогу. Вечная памяць! Героі не паміраюць!»
Першы сакратар амбасады Ўкраіны ў Беларусі Іван Башняк, які выступаў з прамовай на пахаваньні Ніны Жызьнеўскай, сказаў Свабодзе, што даручэньне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі пра дапамогу сям’і «знаходзіцца ў працэсе выкананьня»:
«Будуць прыняты адпаведныя рашэньні на дзяржаўным узроўні. Абавязкова будзе дапамога Натальлі, дачцэ Жызьнеўскіх. А на магілах мяркуем дапамагчы зрабіць такі нязмушаны мэмарыял — супольны помнік маці і бацьку Героя Ўкраіны. Гэта і наш боль».
Помнік Міхасю Жызьнеўскаму на могілках у вёсцы Сьцяг Працы пастаўлены на грошы, якія грамадзкія актывісты зьбіралі па ўсёй Беларусі.