Расея ўзмоцніць мяжу зь Беларусьсю на час футбольнага чэмпіянату сьвету 

Беларуска-расейская мяжа на час чэмпіянату сьвету будзе на замку

На час чэмпіянату сьвету па футболе, які ў чэрвені-ліпені будзе праходзіць у 11 расейскіх гарадах, мяжу Беларусі і Расеі ўзмоцняць дадатковымі пунктамі нагляду.

Пра гэта падчас паседжаньня ў Сочы назіральнай рады арганізацыйнага камітэту «Россия-2018» з удзелам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна паведаміў віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч.

«Завяршаецца праца па абсталяваньні пунктаў пропуску празь дзяржаўную мяжу, — зазначыў чыноўнік. — Асаблівы выпадак — часовыя пункты пропуску, пункты нагляду паміж Расеяй і Беларусьсю. Гэта такое тонкае пытаньне, паколькі ў нас саюзная дзяржава. Мы практычна дамовіліся зь беларускімі калегамі аб парадку перамяшчэньня заўзятараў праз тэрыторыю Беларусі ў Расею».

Зьвяртаючыся да Ўладзіміра Пуціна, Аркадзь Дварковіч сказаў, што ў выпадку неабходнасьці будзе ўзгадняць зь ім неабходныя даручэньні, каб забясьпечыць больш эфэктыўны кантроль з удзелам Фэдэральнай памежнай службы і Фэдэральнай службы бясьпекі.

Пры гэтым у Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што зь беларускага боку дадатковых працэдураў праверкі на мяжы падчас футбольнага чэмпіянату сьвету не плянуецца.