На старце чэмпіянату сьвету беларускія хакеісты разгромна прайгралі швэдам 

Дэйв Льюіс дае ўстаноўку сваім выхаванцам

Зборная Беларусі па хакеі саступіла дзейным чэмпіёнам сьвету — камандзе Швэцыі. На пяць шайбаў скандынаваў беларусы ня здолелі адказаць ніводнай (0:5).

Гэта быў стартавы паядынак выхаванцаў канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса ў групе «А». Сёньня сустрэча са зборнай Францыі. Напярэдадні французы ня мелі шанцаў у супрацьстаяньні з Расеяй — 0:7.

У іншай групе, раскватараванай у Хэрнінгу, амэрыканцы ў авэртайме даціснулі канадцаў (5:4), а гаспадары пляцоўкі — немцаў (3:2).

Згодна з рэглямэнтам спаборніцтваў, зборныя, якія зоймуць у групе 1–4 месцы, выходзяць у чвэрцьфінал. Аўтсайдэр кожнай васьмёркі аўтаматычна вылятае ў першы дывізіён.

Беларускія хакеісты стартуюць на чэмпіянаце сьвету. Што варта ведаць і чаго чакаць