Перакладчыца Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская атрымала прэмію «Гарачае сэрца» за адданасьць дзіцячай літаратуры Швэцыі і яе прамоцыю.
Паводле Швэдзкай акадэміі дзіцячай кнігі, Надзеін імпэт паспрыяў і статусу дзіцячай літаратуры ў Беларусі, і культурным сувязям дзьвюх краін. Перш за ўсё ён падмацаваў права дзяцей чытаць і марыць.
Швэдзкая акадэмія дзіцячай кнігі разглядае дзіцячую літаратуру на адным узроўні з дарослай, распавяла Свабодзе Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская.
«Таму мне, як перакладчыцы менавіта дзіцячай літаратуры, вельмі прыемна і важна, што дзіцячую літаратуру, працу пісьменьнікаў і перакладчыкаў успрымаюць усур’ёз», — кажа перакладчыца.
Прызавы фонд прэміі склаў 10 тысяч крон (2 288 рублёў на момант публікацыі).
Надзея Кандрусевіч перакладае дзіцячыя кнігі са швэдзкай ужо 10 гадоў. Дзякуючы ёй па-беларуску загаварылі пэрсанажы сусьветна вядомай сэрыі пра Маму Му швэдзкіх казачнікаў Юі і Томаса Вісландэраў.
У сакавіку перакладчыца абвясьціла пра адкрыцьцё ўласнага выдавецтва.