Забараняць забаронена. Травень 1968 у фатаздымках

Паўстагодзьдзя таму Парыж захапілі студэнты-бунтаўнікі. Усё пачалося з барацьбы супраць пурытанства (студэнты патрабавалі бесьперашкоднага допуску ў жаночыя інтэрнаты), а чым скончылася, незразумела і да сёньня.

3 траўня 1968 года. Даніель Кон-Бэндыт сьпявае «Інтэрнацыянал» па дарозе на пасяджэньне дысцыплінарнай камісіі Сарбоны

​«Травеньскія падзеі», як і да сёньня называюць у Францыі студэнцкія бунты 1968 году, пачаліся з патрабаваньня, сур’ёзнасьць якога цяпер зразумець цяжка. Студэнты ўнівэрсытэту Парыж X — Нантэр хацелі, каб ім дазволілі займацца сэксам у інтэрнатах. Студэнтам-сацыёлягам на чале з Даніелем Кон-Бэндытам удалося ператварыць абмежаваньне сэксуальнай свабоды (маладым людзям быў закрыты доступ у жаночыя інтэрнаты) у знак палітычнага і духоўнага прыгнёту.​

3 траўня. Студэнты ўзбройваюцца ўсім, чым можна

Цяперашні унівэрсытэт Парыж X — Нантэр быў адкрыты ў 1964 як яшчэ адзін факультэт Сарбоны, закліканы справіцца з ростам колькасьці студэнтаў (у 1968 годзе ў вышэйшых установах Францыі вучылася 605 тысячаў студэнтаў — у параўнаньні з 240 тысячамі ў 1961 годзе). Нантэр хутка набыў левы палітычны ўхіл і стаў цэнтрам анархізму. Менавіта там 22 сакавіка 1968 года студэнты занялі адміністрацыйныя памяшканьні. Нантэр быў зачынены, Кон-Бэндыта абвінавацілі ў «незаконнай агітацыі» і прыгразілі выключэньнем з унівэрсытэта.

Дэманстрацыя ў падтрымку Кон-Бэндыта і студэнтаў унівэрсытэта Нантэр была заплянаваная на 3 траўня ў двары Сарбоны. Праварадыкальная групоўка «Аксыдан» пагражала ўдзельнікам дэманстрацыі нападам, разгарэліся жарсьці. Паліцыя спачатку затрымала «аксіданаўцаў», а потым пачала мэтадычна выганяць з Сарбоны, прыхільнікаў левых рухаў, якія падтрымлівалі Кон-Бэндыта. Прысутным абяцалі, што ўсіх адпусьцяць, але каля 400 чалавек усё ж затрымалі. Сарбону таксама закрылі. На вуліцах сталі зьбірацца студэнты.

У паліцыянтаў паляцелі першыя камяні. У адказ тыя ўжылі дубінкі.

​Падцягнуўся CRS — францускі АМАП. У ход пайшоў сьлезацечны газ. Дасталося ўжо ня толькі студэнтам, якія крычаць, што «забаронена забараняць» (такім быў адзін з галоўных лёзунгаў рэвалюцыі), але і журналістам, мінакам, выпадковым турыстам і нават наведнікам кавярняў, якія сядзелі на вуліцы і зь цікавасьцю назіралі за тым, што адбываецца. Многія зь іх з абурэньня далучыліся да пратэстаў.

За ноч уся пятая акруга Парыжа пакрылася барыкадамі. Іх працягвалі будаваць і ў наступныя дні.

Студэнты ўзбройваліся камянямі, разьбіраючы брук, хоць цяпер, гледзячы на фатаграфіі, можна падумаць, што яны проста ілюструюць свой лёзунг «Пад брукам — пляж».

13 траўня аднадзённы страйк і дэманстрацыю абвясьцілі прафсаюзы. Ваенізаваную паліцыю з вуліц адклікалі, на Левым беразе прайшла грандыёзная аб’яднаная дэманстрацыя рабочых і студэнтаў. Страйк, аднак, адным днём не абмежаваўся. Восем мільёнаў працоўных вырашылі зрабіць яго бестэрміновай, і ён дагэтуль застаецца найбуйнейшым у францускай гісторыі.

Адзін зь лідэраў «травеньскіх падзей» Жак Суваж зьвяртаецца да працоўных завода «Рэно»

14 траўня агенцтва AFP перадавала: «Сарбона акупаваная. Апусьцелы цягам васьмі дзён бастыён навукі ў апошнія суткі ператварыўся ў ачаг бесьперапынных і вельмі гарачых дыскусій. Усе аўдыторыі забітыя напоўніцу. Сотні маладых людзей сядзяць на лесьвіцах і ў калідорах, гадзінамі абмяркоўваючы праблемы унівэрсытэта і праблемы грамадзтва. Нейкім аратарам апантана апладзіруюць, іншых гэтак жа апантана асьвістваюць. Тэма дыскусіі ў аўдыторыі Рышэльё — "Унівэрсытэт як крытыка", у аўдыторыі Дэкарта тэма заяўлена як "Барацьба працоўных, барацьба студэнтаў", у аўдыторыі Гізо гаворка ідзе пра міжнародны студэнцкі рух, у аўдыторыі Мішле — пра ўнівэрсытэт і ўладу».

Сарбона 14 траўня

Сьцены ўнівэрсытэту пакрываюцца лёзунгамі і аб’явамі, паўсюль разьвешаныя чырвоныя сьцягі. Фотаздымак Мао павінен нагадаць, што ёсьць на зямлі краіны, дзе перамагае сацыяльная справядлівасьць.

Перад студэнтамі выступае галоўны францускі мааіст тых гадоў, вялікі Жан-Поль Сартр.

Да Парыжу далучаецца правінцыя, вулічныя акцыі не спыняюцца. 24 траўня бунтаўнікі спрабуюць падпаліць парыскую біржу, на плошчы Сэн-Мішэль палаюць машыны. Сутычкі з паліцыяй працягваюцца.

Студэнты выступаюць у падтрымку рабочых.

На Левым беразе паўсюль ідуць дыскусіі. У тэатры Адэон каля Люксэмбурскага саду ладзяць кругласуткавыя дэбаты пра будучыню чалавецтва. У іх удзельнічаюць рабочыя «Рэно», студэнты, прыбіральніцы, турысты, знакамітыя пісьменьнікі і бізнэсоўцы.

29 траўня прэзыдэнт дэ Голь зьяжджае ў Бадэн-Бадэн. Па горадзе паўзуць чуткі пра тое, што ён падаў у адстаўку. Іншыя кажуць пра вайсковы пераварот. Папраўдзе дэ Голь вёў кансультацыі з вайсковым камандаваньнем, каб пераканацца ў яго падтрымцы.

На наступны дзень на Элізэйскіх палях праходзіць масавая дэманстрацыя прыхільнікаў дэ Голя. Прэзыдэнт аб’яўляе датэрміновыя выбары, на якіх ён празь месяц упэўнена пераможа. Прафсаюзы тым часам прымаюць шчодрую прапанову ўрада: дзесяціпрацэнтнае павелічэньне ўсіх заробкаў, павелічэньне мінімальнага заробку на 35%, скарачэньне працоўнага тыдня і абавязковыя кансультацыі працадаўцаў з працаўнікамі.

Тэлезварот прэзыдэнта Францыі генэрала дэ Голя

Да канца траўня суціхаюць і студэнцкія дэманстрацыі.

16 чэрвеня паліцыя «вызваляе» Сарбону ад студэнцкай акупацыі, здымае ўсе чырвоныя сьцягі і абшуквае памяшканьні. Шукаюць зброю, але знаходзяць толькі кучу дубінак, горы процігазаў і кіляграмы улётак і праклямацыяў.

Надыход утопіі адкладаецца на няпэўны тэрмін.

Мінула паўстагодзьдзя, але францускае грамадзтва застаецца палярызаваным у ацэнцы травеньскіх падзеяў 1968 году. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прапанаваў адзначыць юбілей дыскусіяй пра тое, як з палітыкі зьніклі ідэалы, аднак сутыкнуўся з неразуменьнем палітыкаў. Ляран Вак’е, новы лідэр правацэнтрысцкай партыі «Рэспубліканцы» назваў студэнцкія дэманстрацыі траўня 1968 году «пачаткам дэканструкцыі» і дадаў, што з большай ахвотай адзначыў бы перамогу Напалеона ў бітве ля Аўстэрліца. Былы прэзыдэнт Нікаля Сарказі даўно абвясьціў, што хацеў бы «ліквідаваць спадчыну 1968 году». Лідэр студэнцкіх пратэстаў Даніель Кон-Бэндыт, які зрабіў палітычную кар’еру ў нямецкай партыі зялёных і скончыў яе дэпутатам Эўрапарлямэнту, выказаў надзею, што большасьць французаў усё ж такі ўспрымаюць травеньскія падзеі 1968 году пазытыўна, бо яны павінны сымбалізаваць «ідэю больш справядлівага грамадзтва».

Студэнты ўнівэрсытэту Нантэр, дзе Кон-Бэндыт некалі пачаў рэвалюцыю, абмежавалі юбілейныя ўрачыстасьці арганізацыяй выставы.