Чаму Рэспубліканская партыя Армэніі не прагаласавала за Пашыньяна на прэм’ера, а потым пагадзілася падтрымаць яго? Ці спалохаўся Лукашэнка армянскай рэвалюцыі? У чым сакрэт гэтай рэвалюцыі?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч і наш спэцыяльны карэспандэнт у Армэніі Антон Трафімовіч. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Дракахруст: Што адбываецца ў Армэніі? Напэўна, кароткі адказ — рэвалюцыя працягваецца. Але важныя дэталі, інтрыга гэтага тыдня.
Апазыцыі, пратэстоўцам, як высьветлілася, аказалася недастаткова сыходу абрыдлага ўсім Сэржа Саргсяна.
Чаму Пашыньян ня стаў прэмʼерам 1 траўня?
Апазыцыя, фактычна, Плошча, кажучы беларускай мовай, вылучыла свайго, «народнага» кандыдата на прэмʼера. У той жа час кіроўная Рэспубліканская партыя, якая мае ўстойлівую большасьць у парлямэнце, свайго кандыдата нават ня вылучыла.
Нікол Пашыньян быў адзіным кандыдатам. Пасьля шматгадзіннага абмеркаваньня яго падтрымала практычна ўся парлямэнцкая апазыцыя (а ня толькі ягоны блёк з 9 дэпутатаў), супраць прагаласавала практычна ўся фракцыя рэспубліканцаў. У выніку 45:55, Пашыньян партфэль прэмʼера не атрымаў.
Чаму рэспубліканцы ня вылучылі свайго кандыдата? Яны маюць законную большасьць. Яны здаліся, прызналі паразу? Калі так, то чаму ўпарціліся, чаму не падтрымалі Пашыньяна 1 траўня, не далі яму патрэбныя 5 галасоў, якіх яму хапіла б для перамогі?
Трафімовіч: Сапраўды выглядала трошкі дзіўным, што рэспубліканцы ня вылучылі свайго кандыдата на пасаду прэмʼер-міністра. Падавалася, і пра гэта гаварылі абсалютна ўсе ў Армэніі, што 1 траўня яны пагодзяцца на Пашыньяна і падтрымаюць яго.
Але ў іх быў свой разьлік. Як мне распавёў палітоляг Харуцюн Васканьян, рэспубліканцы, вельмі верагодна, задумалі сваю гульню. Яны меркавалі правесьці пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Маўляў, прэмʼер-міністар не абраны, і гэта падстава, каб абвесьціць новыя выбары ў парлямэнт. А выбары — гэта тое, у чым рэспубліканцы маюць ужо 20-гадовы досьвед. Праз подкуп выбарнікаў і фальсыфікацыі кіраўніцтва Рэспубліканскай партыі было ўпэўненае, што зможа забясьпечыць сабе большасьць у парлямэнце.
Карбалевіч: Рэспубліканская партыя афіцыйна ня вылучыла свайго кандыдата на пасаду прэмʼера, каб, умоўна кажучы, не дражніць гусей, то бок, не дражніць лішні раз тую самую Плошчу. Думаю, іх тактыка палягала ў тым, каб захаваць status quo. А status quo палягае ў тым, што дэ-факта дзейнічае ранейшы ўрад з прадстаўнікоў рэспубліканцаў на чале з часовым выканаўцам абавязкаў прэмʼера Карэнам Карапэт'янам. І з гэтым урадам рэспубліканцы плянавалі правесьці пазачарговыя парлямэнцкія выбары. То бок рэспубліканцы імкнуліся, каб выбары прайшлі пад іх кантролем.
Чаму рэспубліканцы капітулявалі?
Дракахруст: Ну і другая інтрыга гэтага тыдня — «белы сьцяг», які рэспубліканцы выкінулі літаральна на наступны дзень пасьля галасаваньня, у дзень, калі на заклік Пашыньяна краіна была паралізаваная страйкам? Чаму яны здаліся? Іх дабіў адзін дзень страйку?
Карбалевіч: Так, на рэспубліканцаў моцна паўплываў маштаб пратэстаў. Фактычна было паралізаваная ня толькі вытворчасьць, але і рух транспарту, увогуле ўсё жыцьцё краіны. З Рэспубліканскай парты пачалі выходзіць яе чальцы, нават дэпутаты, міністры. Як у часы гарбачоўскай перабудовы людзі выходзілі з КПСС. Да таго ж Пашыньян прыгразіў, што можа сарваць правядзеньне парлямэнцкіх выбараў, блякуючы выбарчыя ўчасткі. Таму ў кіроўнай партыі іншых варыянтаў асабліва і не было
Трафімовіч: Гэта быў ня проста страйк. Гэта была агульнанацыянальная акцыя непадпарадкаваньня. Былі перакрытыя ня толькі вуліцы Ерэвану, як у папярэднія разы, але ўсе магістралі краіны. Міжнародная траса ў Грузію была блякаваная.
Сьвет абляцелі кадры, як пасажыры з нацыянальнага аэрапорту Звартноц у Ерэване пешкі ішлі ў горад, бо дарога ў аэрапорт таксама была заблякаваная. Не працавала мэтро, чыгунка, былі адмененыя ў тым ліку міжнародныя авіярэйсы. Пратэстоўцы блякавалі гарадзкія і абласныя адміністрацыі па ўсёй краіне. На маршы пратэсту выходзілі лекары і вайскоўцы. Краіна была цалкам паралізаванай.
З пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі — сытуацыя крытычная. Асабліва гэта тычылася Нагорнага Карабаху. Для ўладаў Армэніі, як і Азэрбайджану, дарэчы, тэма Нагорнага Карабаху — добрая падстава захоўваць «стабільную» уладу. Маўляў, калі Азэрбайджан пабачыць, што ўлада нетрывалая і хісткая, гэта стане нагодай, каб увесьці войскі ў Нагорны Карабах.
І сапраўды ўжо 2 траўня, у дзень усеагульнага страйку, афіцыйны Баку паведаміў пра абстрэл з боку армянскіх вайскоўцаў у Карабаху.
І апазыцыя, і шараговыя армяне ўпэўненыя, што ў Рэспубліканскай партыі ўжо не засталося сілаў, каб супрацьстаяць Пашыньяну. Таму ўжо ў першы дзень кампаніі непадпарадкаваньня яны пагадзіліся падтрымаць Пашыньяна на чарговых выбарах прэмʼер-міністра.
Беларускае рэха армянскай рэвалюцыі
Дракахруст: Валер, вы напісалі некалькі блогаў пра палітычнае рэха ў Беларусі армянскай рэвалюцыі. Лукашэнка двойчы выказваўся на гэты конт. Як бы вы вызначылі яго рэакцыю? Ён спалохаўся? І калі так, то ці меў падставы?
Карбалевіч: Псыхалягічная асаблівасьць Лукашэнкі палягае ў тым, што ўсе свае падсьвядомыя страхі ён прагаворвае ўслых. А падсьвядомасьць — рэч ірацыянальная, там часта страхі зьяўляюцца і без заўважных падставаў. Ён вельмі нэрвова рэагуе на выпадкі зрынаньня ўлады ў сьвеце, асабліва ў блізкіх краінах. Бо заўсёды прымярае такія выпадкі на сябе. Звычайна ён у такіх сытуацыях паўтарае, нібы заклінаньне, што рэвалюцыі ў Беларусі ня будзе, альбо прапаноўвае прытулак зрынутым дыктатарам.
У гэтым сэнсе вельмі знамянальна і пацешна было назіраць, як Лукашэнка падчас выступу з пасланьнем увязаў у адзін пакет адмаўленьне плянаў правядзеньня рэфэрэндуму ў Беларусі з армянскімі падзеямі, з рэвалюцыяй. «Калі нехта разьлічвае, што мы прымем канстытуцыю і гэтым самым створым падмурак для нашых майданаў і майданутых, гэтага ў краіне не будзе, пакуль я прэзыдэнт», — нечакана заявіў ён.
Для чалавека староньняга, ня ўключанага ў нашы палітычныя рэаліі, гэтая сувязь двух зусім розных тэмаў можа падацца вельмі дзіўнай. Але тут перад намі выдатная ілюстрацыя таго, як падсьвядомыя імпульсы ў чалавека прарываюцца ў сьвядомасьць і выдаюць публіцы тыя дзяржаўныя таямніцы, якія да пары да часу сам кіраўнік Беларусі хацеў бы схаваць. Бо пакуль Лукашэнка ні разу не патлумачыў, што менавіта ён зьбіраецца мяняць у Канстытуцыі. Усё абмяжоўвалася нейкімі паўнамёкамі. Толькі незалежныя СМІ і экспэрты выказалі здагадку, што гаворка ідзе пра падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 6-7 гадоў.
А што паслужыла прычынай масавых пратэстаў у Армэніі? Жаданьне тамтэйшага лідэра Сэржа Саргсьяна падоўжыць сваё знаходжаньне ва ўладзе з дапамогай зьмены Канстытуцыі, каб заняць пасаду прэмʼер-міністра. І цяпер робіцца зразумелай сувязь паміж беларускімі канстытуцыйнымі папраўкамі, рэфэрэндумам і армянскай «аксамітнай рэвалюцыяй».
Рэвалюцыя ў стылі Пашыньяна
Дракахруст: У рэвалюцыйных падзеях у Армэніі ўражвае фантастычная ступень арганізаванасьці — ці дысцыпліны, ці самаарганізацыі. Пашыньян кажа — страйк, і ўся краіна блякуецца, людзі ў гарадах блякуюць нават завулкі, дзе жывуць. Пашыньян кажа — стоп, і страйк імгненна спыняецца. Як гэта зроблена? Ці заўважальны рост прыхільнікаў блёку «Елк» Пашыньяна, ці назіраецца актыўнасьць сеткі NGO, якія і арганізуюць пратэст? Ці гэта ў чыстым выглядзе самаарганізацыя?
Трафімовіч: Рэвалюцыя ў стылі Пашыньяна — гэта новы фэномэн прынамсі на постсавецкай прасторы, калі ня ў сьвеце. Як арганізаваная гэтая палітычная кухня, гэтае пытаньне задаюць сябе і мясцовыя экспэрты.
Па выніках тыдня знаходжаньня ў Армэніі мне падаецца, што гэта збольшага ўсё ж самаарганізацыя. Але самаарганізацыя на добрай глебе. Пры тым, што Армэнія даўно застаецца пад уладай адной партыі, гэта краіна вельмі адкрытая. Тут шмат NGO, якія ня зазнаюць такога прэсінгу, як у Беларусі, тут ёсьць заходнія навучальныя ўстановы. Армэнія таксама вельмі актыўныя краіна ў рамках ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства».
І вось на гэтай падрыхтаванай глебе зьяўляецца Пашыньян. Імгненна ў розных сацыяльных сетках ствараюцца тузіны каналаў, групаў і чатаў, празь якія каардынуюцца пратэсты. І мадэратары гэтых суполак — не палітыкі. Найперш — гэта студэнты і актыўная моладзь. Гэта людзі ў каналах Telegram вырашаюць якія вуліцы і калі блякаваць. Гэта людзі ў суполках Фэйсбуку вырашаюць, дзе і калі зьбірацца, каб ісьці маршам у цэнтар гораду. Пляну перакрыцьця гораду ці краіны ад Пашыньяна няма. Ад яго ідзе толькі агульны мэсыдж.
Вось такі прыклад. Некалькі тыдняў Пашыньян хадзіў у кепцы Adidas. А потым на прасторах Telegram і Фэйсбуку людзі задумалі стварыць лёзунг для кампаніі — «Моцны духам». Мясцовы дызайнэр, абсалютна не датычны да палітыкі, зрабіў стылёвую кепку з гэтым лёзунгам і перадаў Пашыньяну. Як толькі палітык зьявіўся ў кепцы на публіцы, людзі сталі самі рабіць сабе футболкі за такімі прынтамі і выходзіць у іх на маршы.
То бок пратэсты, блякаваньні, страйкі і нават лягатыпы палітычнай кампаніі — усё гэта доказ таго, што армяне сапраўды аказаліся падрыхтаванымі і здольнымі да самаарганізацыі.
Дракахруст: Беларусы, як і іншыя народы, часта спрабавалі скапіяваць удалы вопыт далёкіх і блізкіх суседзяў. У якой ступені для Беларусі прыдатны армянскі досьвед і як тэхналёгія, і як прыклад, прэцэдэнт? І з улікам ступені самаарганізацыі, і з улікам адноснай мяккасьці кіроўнага рэжыму, і істотна іншага геапалітычнага становішча.
Карбалевіч: Спачатку пра досьвед. Тут некалькі цікавых высноваў і паралеляў.
1. Армянскія падзеі выявілі, што народ стаміўся ад стабільнасьці, ад адной фігуры, ад якой больш нічога не чакае. Сацыяльна-эканамічная сытуацыя ніяк не паляпшаецца, відавочны застой, на небасхіле ніякіх добрых пэрспэктываў, поўная безнадзейнасьць. Адбылася дэсакралізацыя, маральная ізаляцыя улады.
2. У такой сытуацыі раптам адбываецца працэс, які можна абазначыць тэрмінам інвэрсія. То бок, раптоўная перамена настрояў грамадзтва. Бо на апошніх парлямэнцкіх выбарах большасьць жа прагаласавала за Рэспубліканскую партыю. Усё ж выбары там не такія, як у Беларусі, яны збольшага адлюстроўваюць сымпатыі насельніцтва. А цяпер гэтыя выбарнікі раптам выступаюць супраць улады.
3. Калі назапашаны гаручы матэрыял, то падстава для пратэстнага выбуху можа быць любая, вельмі нечаканая, неабавязкова зьвязаная з фальсыфікацыяй падчас выбараў, як дагэтуль часта здаралася.
4. У Армэніі ёсьць лідэр апазыцыі, пратэстаў — Нікол Пашыньян. Але, зьвярніце ўвагу, ніхто асабліва не пытае, якая ў яго праграма. У такі пэрыяд, дастаткова лёзунгаў «Далоў!», «Ганьба!», «Гэць!».
А вось што тычыцца самаарганізацыі, то тут ёсьць вялікае адрозьненьне армянскага грамадзтва ад беларускага. У Армэніі вельмі моцна ўплывае чыньнік Карабаху. Там існуе вялікі досьвед мабілізацыі грамадзтва пад нацыянальнымі, ці можа і нацыяналістычнымі, лёзунгамі.
Здаецца, гэта адна з прычынаў, чаму Лукашэнка так шугаецца беларускага этнакультурнага нацыяналізму. Бо ён інтуіцыйна адчувае, што мабілізацыя, самаарганізацыя грамадзтва пад любымі лёзунгамі — гэта галоўная небясьпека для ягонай улады.
Чаму армяне падняліся на пратэст?
Дракахруст: Моц армянскага пратэсту не выклікае сумневаў, але якімі моцнымі фрустрацыямі ён выкліканы, калі глядзець беларускімі вачыма? Здаецца, не было там зьверскай дыктатуры, суцэльнай галечы і беспрэцэдэнтнай карупцыі. Дык у чым справа? І на чым грунтаваная сьвятая вера пратэстоўцаў у Пашыньяна?
Трафімовіч: Мне ад пачатку таксама падавалася, што не было тут асабліва супраць чаго пратэставаць. Армэнія — гэта далёка не Беларусь. Кіроўная Рэспубліканская партыя застаецца ва ўладзе 21 год, але тое самае адбываецца шмат у якіх краінах. На выбарах рэспубліканцы набіраюць не 80%, а толькі 50 з гакам працэнтаў. Аднак нават гэтыя вынікі не адлюстроўваюць сапраўднага раскладу палітычных сілаў у краіне. Выбары тут ня столькі фальсыфікуюцца, колькі падкупаюцца.
За галасы на карысьць Рэспубліканскай партыі плацяць ад 20 да 50 даляраў. Плюс ціск на дзяржаўных працаўнікоў — настаўнікаў і лекараў. Плюс фальсыфікацыі, хай і не такія маштабныя, як у Беларусі.
Што да эканомікі, то суцэльнай галечы, пра якую вы кажаце, Юры, няма хіба толькі ў Ерэване. Па-за сталіцай Армэнія — гэта вельмі бедная краіна. Такое ўражаньне, што трапляеш у пачатак 1990-я гадоў: тут дагэтуль езьдзяць на старых «Жыгулях» і «Волгах», дарогі разьбітыя, старыя савецкія дамы ўжо 30 гадоў ня бачылі рамонту. Цэнтральнае ацяпленьне тут мала дзе захавалася. Даўгабудаў больш, чым новых будынкаў. І пры гэтым армяне скардзяцца, што паўсюль трэба даваць хабар.
Дракахруст: А калі параўнаць Армэнію і Беларусь — якая краіна багацейшая? З улікам адрозьненьняў паміж сталіцай і рэгіёнамі, якая ўласьцівая абедзьвюм краінам.
Трафімовіч: Я, акрамя Ерэвану, быў на поўначы, цяпер — на поўдні. Беларусь багацейшая. Заробкі тут вельмі нізкія, у Ерэване 150 даляраў — гэта нармальны заробак. І ў Армэніі значна большы, чым у Беларусі, разрыў паміж вельмі беднымі і вельмі багатымі.
У такіх эканамічных умовах людзі пастаянна эмігруюць з Армэніі. З савецкіх часоў колькасьць насельніцтва тут скарацілася на 20%. Таму ня дзіўна, што прыхільнікаў у Саргсьяна і ягонага пераемніка Карапэт'яна ў Армэніі няма. Заўважце, што за месяц пратэстаў у краіне не было ніводнага мітынгу ў падтрымку Рэспубліканскай партыі. Бо сапраўды ўжо няма каму яе падтрымліваць.
І тут на фоне няздольных ні да якіх пераменаў рэспубліканцаў зьявіўся Нікол Пашыньян. Такі чалавек з народу. Пры вельмі вялікім пратэстным патэнцыяле, Армэнія чакала яскравага лідэра, які мог бы павесьці краіну новым шляхам.
Ці будзе цяпер Лукашэнка піць армянскі каньяк?
Дракахруст: Маё наступнае пытаньне навеяў дэматыватар, які ўбачыў у Фэйсбуку — «Лукашэнка больш ня будзе піць армянскі канʼяк». А можа якраз зараз і будзе яго піць?
У Армэніі сапраўды самы ўплывовы аліграхічны клан — гэта ўладны клан. Але на другім месцы паводле ўплыву і багацьця — клан бізнэсоўца, алігарха, палітыка Гагіка Царукʼяна. Ягоная фракцыя ў парлямэнце мае 31 мандат, траціну ад агульнай колькасьці. І сярод 45 галасоў, якія 1 траўня былі пададзеныя за Пашыньяна, дзьве траціны складалі галасы менавіта фракцыі Царук'яна.
Царукʼян — цікавы бізнэсовец, у тым ліку і стасункамі з Беларусьсю. Пару гадоў таму ён прымаў у сябе на фірме Аляксандра і Мікалая Лукашэнкаў. Ён тады заклаў бочку каньяку на 400 літраў для Колі Лукашэнкі. Тады ж Царукʼян падараваў Лукашэнкам белых ільвянятаў, яны цяпер у менскім заапарку. А пазьней Лукашэнка дазволіў Царук’яну адкрыць у Менску вытворчую лінію па разьліву менавіта армянскага каньяку.
Дык можа пасьля перамогі Пашыньяна пра дапамозе Царукʼяна Лукашэнка будзе зь яшчэ большым задавальненьнем будзе піць армянскі каньяк? Каньяк Царукʼяна менскага разьліву.
Карбалевіч: Царукʼян, як нармальны алігарх, кладзе яйкі ва ўсе кошыкі — і ва ўладны, і ў апазыцыйны. Галоўная праблема ў дачыненьнях Беларусі і Расеі — гэта вельмі шчыльныя вайсковыя стасункі Менску і Баку. Пашыньян заявіў у адным з інтэрвію, што яму не падабаецца гэтая палітыка Беларусі. Думаю, што гэта будзе самай сурʼёзнай праблемай у адносінах Менску і Ерэвану і пасьля абраньня новага прэмʼера ў Армэніі, і пасьля парлямэнцкіх выбараў там.
Трафімовіч: Тут калі гавораць пра Беларусь, то сапраўды адразу ж прыгадваюць, што «наш Царукʼян з вашым „дзядулем“ сябруе». Лукашэнку ў Армэніі называюць ня бацькам, а дзядулем.
А тое, хто і якім чынам прыводзіць Пашыньяна да ўлады, людзі асабліва не абмяркоўваюць. Цяпер яны бачаць у Пашыньяне народнага героя, які прыйдзе і ў момант усё зьменіць у краіне.
Будучыня шанцаў, спадзеваў і пагрозаў
Дракахруст: Ваш прагноз — як далей будуць разьвівацца падзеі ў Армэніі?
Трафімовіч: Насамрэч зараз вельмі цяжка нешта прадказваць. Ня тое, што вынікі выбараў у парлямэнце 8 траўня, але хоць бы якіх падзеяў. Армэнія ў гэтым сэнсе непрадказальная. І нават для саміх армянаў. Тут быў вялікі пратэстны патэнцыял, але ніхто ня мог прадказаць, што пешае шэсьце дэпутата Пашыньяна прывядзе да масавых пратэстаў па ўсёй краіне, а ня толькі ў Ерэване.
Ніхто ня мог прадказаць, што Сэрж Саргсьян так проста адмовіцца ад кіроўнай пасады. Для ўсіх армянаў, з кім я размаўляў за апошні тыдзень, ад кіроўцаў таксі да палітолягаў — рашэньне Саргсяна было вялікай нечаканасьцю. Таксама як для іх потым сталі нечаканасьцю паводзіны Рэспубліканскай партыі 1 і 2 траўня — спачатку прынцыпова адмовіць Пашыняну і ўжо праз суткі заявіць, што яго безумоўна падтрымаюць.
Найбольш імаверна ўжо на наступным тыдні Нікол Пашынян стане прэмʼерам. Але галоўнае пытаньне, што будзе далей. Пасьля таго, як ён стаў без перабольшаньня нацыянальным героем, армяне будуць вельмі шмат патрабаваць ад яго. Як распарадзіцца ўладай, падоранай народам — у гэтым галоўны выклік для Пашыняна. Бо пакуль ягоны палітычны рух мае выключна досьвед вулічнай барацьбы. Здольнасьць кіраваць краінай, седзячы ў крэсьле прэмʼер-міністра, а не праз жывыя трансьляцыі ў Фэйсбуку і Інстаграме, Пашыньян, падаецца, яшчэ ня меў шанцу прадэманстраваць.
Таксама мы ведаем, што большасьць народных герояў, што прыйшлі да ўлады на рэвалюцыйнай хвалі, як той жа Юшчанка ці суседзкі Саакашвілі, вельмі хутка гублялі свой аўтарытэт і рэйтынг. Юшчанка пратрымаўся толькі адзін тэрмін. Саакашвілі вымушана зьбег з краіны.
Армяне ў гэтым пляне вельмі ня любяць параўнаньні зь іншымі. Асабліва з Грузіяй, такога калі не старэйшага брата, то пасьпяховага суседа. Дык вось, армяне не бяз патасу кажуць, што грузінскага сцэнару ў іх ня будзе, і што Нікол — гэта першая сьветлая старонка ў гісторыі незалежнай краіны. І эмігранты-сваякі ў многіх людзей ужо зараз пераяжджаюць ці зьбіраюцца неўзабаве вярнуцца ў Армэнію.