4 траўня ў Даніі стартуе 82 чэмпіянат сьвету па хакеі, у якім бярэ ўдзел нацыянальная зборная Беларусі.
Зборная Беларусі разьмясьцілася ў Капэнгагене, яна будзе выступаць у групе «А» разам з камандамі Швэцыі, Францыі, Расеі, Швайцарыі, Чэхіі, Аўстрыі і Славаччыны. Першы паядынак са швэдамі пачнецца 4 траўня ў 21.15 па беларускім часе на «Роял-Арэне».
Іншая васьмёрка — зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Нямеччыны, Нарвэгіі, Латвіі, Паўднёвай Карэі і Даніі — згуляе ў лядовай «Бэксэн-Арэне» ў горадзе Хэрнінгу.
Згодна з рэглямэнтам спаборніцтваў зборныя, якія зоймуць у групе 1–4 месцы, выходзяць у чвэрцьфінал. Аўтсайдэр аўтаматычна вылятае ў першы дывізіён.
Завершыцца сусьветнае першынство 20 траўня.
Беларусаў да фаварытаў не адносяць
Фаварытамі спаборніцтваў букмэкеры традыцыйна называюць канадцаў — вялізная «лаўка» дазваляе мець некалькі паўнавартасных складаў. Дзейныя чэмпіёны сьвету, швэды, выглядаюць гэткім жа баяздольным калектывам. Плюс традыцыйна грозныя фіны, чэхі, амэрыканцы, расейцы.
У беларусаў апошнім часам задача сьціплая — утрымацца ў эліце. Па выніках мінулагодняга чэмпіянату сьвету беларуская каманда пад кіраўніцтвам канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса зачапілася за перадапошняе месца ў групе і тым самым пазьбегла разжалаваньня ў рангу. За год перад тым гісторыя была аналягічная — заўзятары да апошняга вымушаныя былі спадзявацца на цуд. Выніковыя месцы ў табэлі за 2016–2017 гады — 12-я і 13-я пазыцыі адпаведна.
Пры тым, што канадзкі трэнэр, які заступіў на пасаду ў 2015-м, кожны раз агучваў «мэдалёвыя амбіцыі», сёлета размоваў пра п’едэстал няма.
Міжнародныя турніры перад чэмпіянатам засьведчылі, што кандыцыі выхаванцаў Льюіса не найлепшыя. У рамках традыцыйнага турніру «Эўравыклік» каманда Беларусі прайграла двухматчавыя спарынгі Даніі і Швайцарыі і па разу даціснула ў авэртайме Фінляндыю і Нарвэгію. Агулам — 6 паразаў і 2 перамогі.
Хто згуляе, а хто адхілены
30 красавіка Дэйв Льюіс агучыў канчатковы сьпіс з 25 гульцоў, якія выправяцца ў Данію. Пяць зь іх — дэбютанты. Найбольшай нечаканасьцю стала адсутнасьць у ростэры менскага дынамаўца Андрэя Сьцяпанава. Гэта другі запар чэмпіянат сьвету, калі форварда без уцямнага тлумачэньня «адчапляюць» ад каманды. Рашэньне трэнэрскага штабу выклікала крытыку з боку самога гульца: ён абвінаваціў трэнэра ў тым, што той уявіў сябе «бажком».
Таксама не дапамогуць зборнай Андрэй і Сяргей Касьціцыны, Міхаіл Грабоўскі, Ільля Шынкевіч, Даніла Карабань, а беларускі капітан на чэмпіянаце сьвету — 2017 Андрэй Стась прыняў расейскае «спартыўнае грамадзянства» і прыпыніў выступы за зборную Беларусі.
Затое выйдуць на лёд натуралізаваныя канадцы зь беларускімі пашпартамі Джэф Плат і Шарль Лінгле, а таксама ўкраінец Аляксандар Мацярухін, які вытрымаў чатырохгадовы карантын, каб зьмяніць Украіну на Беларусь. Яшчэ адзін умоўны канадзкі беларус, брамнік Кевін Лаланд, і асыміляваны амэрыканец Нік Бэйлен у заяўцы адсутнічаюць.
Беларуская каманда — адна зь нямногіх, у складзе якой няма прадстаўнікоў наймацнейшай у сьвеце Нацыянальнай хакейнай лігі. Пасьля эпохі Руслана Салея, братоў Касьціцыных і Грабоўскага паўночнаамэрыканскі дэсант зь Беларусі фактычна спыніўся.
Існаваньне па-за хакейнай прывілеяй
Пры цяперашнім кадравым складзе беларусам наўрад ці ўдасца пазмагацца за высокія месцы. Супернікі па групе з Швэцыі, Чэхіі, Расеі ўваходзяць у лік наймацнейшых хакейных камандаў сьвету. Славаччына і Швайцарыя некалі былі «па зубах» беларусам, але цяпер яны мацнейшыя за іх.
Паводле хакейных экспэртаў, Беларусь можа разьлічваць на змаганьне за 6 пазыцыю ў падгрупе ў паядынках з Францыяй і Аўстрыяй.
У іншым выпадку падняцца з дна падгрупы будзе надзвычай складана. Калі яшчэ дзясятак гадоў таму хакей быў прывілеяй некалькіх краін, то цяпер яго пасьпяхова разьвіваюць у розных кутках сьвету. Пацьверджаньнем — нядаўні выхад у эліту Вялікай Брытаніі, якая ў наступным сэзоне будзе гуляць сярод 16 наймацнейшых. З трэцяга ў другі дывізыён паднялася Літва.
Тым часам без удзелу беларусаў ня так даўно прайшлі чарговыя Алімпійскія гульні. Віной — нізкі рэйтынг, які не дазваляе адбірацца туды аўтаматычна, а таксама праваленыя алімпійскія кваліфікацыйныя турніры.
Забава для прэзыдэнта
Фінансаваньне хакею ў Беларусі зьядае большую частку выдаткаў на спорт. Гэтым відам спорту апякуецца Аляксандар Лукашэнка. Аднак будаўніцтва лядовых палацаў, правядзеньне Калядных турніраў і аматарскіх спаборніцтваў мала спрыяюць падвышэньню ўзроўню хакею ў Беларусі, прызнаваў сам Лукашэнка.
Летась Фэдэрацыю хакею Беларусі ўзначаліў «моцны гаспадарнік» Сямён Шапіра, колішнім кіраўнік Горадзенскага і Менскага аблвыканкамаў. А перад чэмпіянатам сьвету арганізацыю ўзмацнілі ідэалягічна: прэс-сакратаром прызначаны колішні вядоўца тэлеканалу АНТ Ільля Коласаў.
Тым часам, як пісала Свабода, застаюцца фінансавыя праблемы ў дзіцяча-юнацкім хакеі, дзе фармуюцца галоўныя рэзэрвы зборнай. Напрыклад, трэнэр малых хакеістаў у Смаргоні здае шклатару, каб ягоны цэнтар не спыніў існаваньня.
Гучныя скандалы замест высокіх вынікаў
Беларускі хакей стаў крыніцай крымінальных спраў і скандалаў. Увосень 2016-га на 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці быў асуджаны былы генэральны дырэктар менскага «Дынама» Максім Суботкін. Ён абвінавачаны ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і халатнасьці.
Больш за паўгода правёў за кратамі заснавальнік першай у Беларусі незалежнай спартовай газэты «Прессбол» і экс-генэральны мэнэджар хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Уладзімер Беражкоў. У жніўні 2015-га ён быў затрыманы і зьмешчаны ў менскае СІЗА № 1 на падставе падазрэньня ў крадзяжы сродкаў клюбу. У красавіку 2016-га яго вызвалілі з-пад варты, у ліпені таго ж году крымінальная справа была спыненая.
У сярэдзіне 1990-х у менскім «Макс-шоў» здарылася перастрэлка, у якой удзельнічаў Міхаіл Захараў — галоўны трэнэр сталічнага «Юнацтва», нацыянальнай каманды і цяперашні памочнік Дэйва Льюіса. А некалькі гадоў таму спэцыяліст трапіў у хроніку Дзяржаўтаінспэкцыі — ягоны «Бэнтлі» справакаваў буйную аварыю на праспэкце Пераможцаў. Кіроўца быў нецьвярозы.