7 траўня адбудзецца інаўгурацыя прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Чаго Беларусі чакаць ад Расеі? Якія самыя вострыя праблемы ў беларуска-расейскіх адносінах? Хто лепшы прэзыдэнт: Лукашэнка ці Пуцін?
Абмяркоўваюць вядучы тэлеканалу «Настоящее время» Цімур Алеўскі, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў і вядучая Ганна Соўсь.
Ганна Соўсь: Фармальна ў панядзелак афіцыйна пачнецца адлік новага прэзыдэнцкага тэрміну, магчыма, новай эпохі, у тым ліку і ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Якой будзе гэтая эпоха? Цімур, якія тры рэчы адбудуцца ў расейскай вонкавай палітыцы да 2024 году?
Цімур Алеўскі: Найбольш важным будзе транзыт улады ад Пуціна да наступнага кіраўніка Расеі, таму што цяпер ужо Пуцін не кіруе краінай у той ступені, у якой усе прывыклі думаць, мяркуючы, што ён цар. Ён ня цар. Ён расклаўся на цьвіль і на ліпавы мёд. Ёсьць шмат людзей, якія кіруюць краінай, і яны цяпер выходзяць на першы плян. Позьні застой быў добры тым, што шмат чаго было нельга, але пры гэтым шмат чаго было можна. І гэтая сытуацыя адбываецца ў Расеі. Канкрэтныя афіцэры ФСБ канкрэтна кіруюць краінай, а над імі ёсьць людзі, якія калісьці лічыліся Палітбюро 2.0, а далей усё — космас.
Ганна Соўсь: А якія людзі будуць вызначаць вонкавую палітыку ў дачыненьні да Беларусі?
Цімур Алеўскі: Гэта будуць людзі, якія цяпер уваходзяць у Раду бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі. Сяргей Барысавіч Іваноў і некалькі чалавек, якія валодаюць буйным бізнэсам і фактычна кіруюць грашыма ў Расеі. Магчыма, мы даведаемся хутка, што Дзьмітрый Мядзьведзеў застанецца прэм’ер-міністрам...
Краінай цяпер кіруюць генэралы ФСБ. Гэта трэба вельмі добра разумець. Таму адносіны зь Беларусьсю будуць адбывацца на ўзроўні вышэйшых афіцэраў сакрэтнай службы. Лукашэнку было вельмі камфортна кантактаваць з Пуціным, паколькі ён разумеў, што ён — жывы чалавек, ён разумеў, як зь ім размаўляць. Цяпер ён будзе размаўляць зь людзьмі, якія яго «задушаць у лазьні», і ў іх нават мышцы ня дрыгнуць у воку. Ён будзе сустракацца з цынічнымі, жорсткімі людзьмі, якія вельмі любяць свае карʼеры, грошы і статус-кво. Перад ім будзе не адзін чалавек, а шэрагі людзей. І толькі першы шэраг ён ведае ў твар...
Ганна Соўсь: Віталь, а якія тры рэчы адбудуцца ў беларуска-расейскіх стасунках да 2024 году?
Віталь Цыганкоў: Кантэкст канечне, невясёлы. Назаву тры рэчы. Першая — малочная ці ў любой іншай форме іншая гандлёвая вайна. Гэта абавязкова адбудзецца бліжэйшыя гады зь беларускай «малочкай» ці любой іншай прамысловасьцю. Другая рэч — абавязкова на пэўным этапе адбудзецца пачатак фармаваньня вобразу Беларусі, беларускага кіраўніцтва як ворага. І ў адказ у пэўнай ступені адбудзецца абмежаваньне трансьляцыі расейскаіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі. І трэці прагноз — за гэтыя шэсьць гадоў Менск калі-небудзь зьвернецца да Пэкіну, да кіраўніцтва Кітаю падчас чарговага канфлікту з Расеяй з просьбай як да старэйшага брата выступіць арбітрам у нейкім беларуска-расейскім канфлікце.
Ганна Соўсь: Эўразійскаму саюзу, калі лічыць разам з Мытным саюзам, ужо 9 гадоў. А з улікам так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі дык 18. А воз і дагэтуль там. А ці будзе ён у іншым месцы? Калі нешта ня спраўдзілася за столькі гадоў, дык можа і ня спраўдзіцца ніколі?
Юры Дракахруст: Мой прагноз грунтаваны на вязкасьці двухбаковых адносінаў. З гэтага гледзішча нічога па вялікім рахунку ня зьменіцца ў двухбаковых адносінах за наступныя 6 гадоў новага прэзыдэнцтва Пуціна. Але пэўныя новыя тэндэнцыі таксама будуць мець месца. Адну мы ўжо бачым — Расея падціскае, скарачае сваю дапамогу Беларусі ў розных формах. Яна не катастрафічна зьменшылася, не да нуля. Думаю, што і ў будучыні яна ня зьменшыцца кардынальна, але будзе зьмяншацца. Як казаў Мядзьведзеў: «Денег нет, но вы держитесь». Тое самае будзе сказана і Лукашэнку.
Але ёсьць і абмежаваньні. Для расейцаў беларусы ўсё ж як бы свае. Браць усю Беларусь цалкам, як Крым — як бы не падавіцца. Так што, мне здаецца, што калі мы будзем абмяркоўваць двухбаковыя адносіны ў 2024 годзе, то мы ня скажам, што за шэсьць гадоў гэтыя адносіны сталі абсалютна іншымі.
Цімур Алеўскі: У Расеі наступныя правілы гульні:
- сьвяты пры жыцьці
- чыноўнікам можна
- перамога — гэта нашае ўсё
- Амэрыка — дрэнная.
Што можна? Сэкс пакінулі і рэлігію пакінулі. Вось і ўся ідэалёгія. Гэта такая тыповая Гішпанія часоў Франка. Нармальна жыць можна стагоддзямі, галоўнае Пуціна не чапаць... Тое самае адбываецца пры Лукашэнку. Многім у Беларусі патрэбна, каб захаваліся гарантыі не багатага, але стабільнага жыцьця. Патрэбны Лукашэнка, які на 20 гадоў маладзейшы, патрэбны такі Лукашэнка, у якога ёсьць Інстаграм...
Ганна Соўсь: А ці зацягне Беларусь яшчэ глыбей у вір канфрантацыі Расеі і Захаду? Давядзецца вызначацца, на чыім яна баку? Ці ўжо вызначылася — яна ж саюзьніца Расеі?
Віталь Цыганкоў: Я думаю, паняцьце ляяльнасьці ў сучасным сьвеце мяняецца... Ня думаю, што ў Расеі атрымаецца паставіць Беларусь у антызаходні шэраг. Па-першае, Расеі гэта ня так моцна і патрэбна, а па-другое, Лукашэнка будзе ўсяляк увільваць, супраціўляцца, пераконваць Маскву, што гэта не прынясе карысьць, што мы вам патрэбныя нэўтральныя.
Ганна Соўсь: Значна больш важнае пытаньне, не якімі будуць гэтыя 6 гадоў Пуціна, а што будзе пасьля Пуціна. Брытанскі пісьменьнік і палітоляг Эдвард Лукас казаў пра тое, што гэта будзе час так званых «унукаў Гарбачова». Для «дзяцей Гарбачова» былі найбольш важныя матэрыяльныя каштоўнасьці, а ўжо для іх дзяцей, паколькі ім не даводзілася выжываць, зарабляць любой цаной, для іх больш важныя іншыя каштоўнасьці, каштоўнасьці Гарбачава... Якое пакаленьне будзе кіраваць Расеяй пасьля Пуціна?
Цімур Алеўскі: Яно складаецца з двух падпакаленьняў — людзей, якія пасьпелі вырасьці і сфармавацца пры адноснай дэмакратыі і свабодзе, пры Мядзьведзеве ўмоўна кажучы, і людзей, якіх выхоўваюць у школе цяпер. Людзі, якім цяпер 22, і якім цяпер 15, вельмі істотна адрозьнівацца. А тыя, каму 15 і 7, будуць адрозьнівацца яшчэ больш. Цяпер у школе, як мне падаецца, ім адразаюць пачуцьцё ўласнай годнасьці і ўменьне разважаць самастойна. А перад імі людзі, якія пасьпелі пажыць крыху больш свабодна і памарыць пра пэрспэктывы. Яны прыйдуць да ўлады, натуральна. Яны будуць кіраваць краінай гадоў праз 20, а сьледам за імі прыйдуць людзі, якія выхаваныя жанчынамі ў халах.
Ганна Соўсь: Юра, падобнае пытаньне вам пра Беларусь пасьля Лукашэнкі. Чые ўнукі будуць вызначаць у тым ліку і адносіны з Расеяй?
Дракахруст: Вельмі кароткі адказ — унукі Лукашэнкі. У Расеі дэмакратычная інтэрлюдыя была значна больш працяглая, там гэта былі амаль дзесяць гадоў, у Беларусі — толькі тры. Таксама важны фактар, што Лукашэнка — першы прэзыдэнт. Не выключаю, што для наступных пакаленьняў 1991 і 1994 гады «склеяцца». Будзе ўяўленьне: Беларусь атрымала незалежнасьць, неўзабаве прыйшоў да ўлады Лукашэнка і зь яго ўсё пачалося.
Але калі разглядаць сусьветныя тэндэнцыі, сьвет ня зводзіцца да Беларусі і Расеі, то я бы сказаў, што маладыя беларусы пасьля Лукашэнкі будуць таксама ўнукамі Трампа.