Выйшла кніга пра беларускага генія падробкі дакумэнтаў Івана Шагойку

У суботнім кніжным аглядзе Свабоды — навінкі сяброў Таварыства вольных літаратараў.

Алесь Аркуш. «Спадчына». Раман. Выдавецкая ініцыятыва «Полацкае ляда»

​Гэта ўжо пяты раман Алеся Аркуша, стваральніка Таварыства вольных літаратараў, літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», выдавецкай ініцыятывы «Полацкае ляда» і многіх іншых праектаў і ініцыятываў.

Сам аўтар называе свае творы, напісаныя ў жанры прозы, малымі эўрапейскімі раманамі. Усе яны маюць дакумэнтальную аснову. Ня стаў выключэньнем і новы раман «Спадчына». Аўтар прысьвяціў яго сваім бацькам, якія нядаўна пайшлі з жыцьця.

Алесь Аркуш

Раманы Аркуша лёгка пазнавальныя ня толькі сваім невялікім аб’ёмам. Сам аўтар вызначае свой стыль «лапікавым» і параўноўвае са старымі вясковымі коўдрамі, якія сшываліся з розных і колерам, і відам матэрыі абрэзкаў тканіны. Свае тэксты Аркуш «сшывае» з мастацкіх, дакумэнтальных, эпісталярных, газэтных і іншых кавалачкаў. Прычым ён знарок пазьбягае лінейнага сюжэту, адной часавай прасторы і дакладнай прамалёўкі падзеяў і герояў. Маўляў, чытач сам павінен адказаць для сябе на галоўныя пытаньні твора (напрыклад, хто такія марсіяне ў рамане «Захоп Беларусі марсіянамі» або што за дзед прыходзіў таемна на сядзібу ў рамане «Сядзіба»). Слушныя адказы могуць мець шматварыянтнасьць.

У рамане «Спадчына» Аркуш працягвае свае развагі, якія ідуць праз усе яго ранейшыя кнігі, над такой дэфініцыяй як «дом». Чым ён быў у дзяцінстве, чым стаў у дарослым жыцьці, чаму дом сёньня амаль не перадаецца ў спадчыну?

Іван Шагойка, архіўнае фота

Сярод галоўных герояў рамана «Спадчына» ня толькі бацькі і сваякі аўтара, але і таемная, легендарная асоба Смалявіцкага раёну — Іван Шагойка. Гэта той геніяльны майстар фальшывых дакумэнтаў, які за часамі Другой сусьветнай вайны ўладкаваў на нямецкае забесьпячэньне партызанскую брыгаду «Сьмерць фашызму». Шагойка падрабляў прадуктовыя накладныя захопнікаў, а партызаны, стварыўшы адмысловую групу зь веданьнем нямецкай мовы, атрымлівалі харчы на складах ворага.

Пасьля вайны Шагойка працягваў займацца гэтым рамяством і многіх выратаваў сваімі даведкамі ад ГУЛАГу, перасьледу або беспрасьветнай галадоўлі. Шагойка нават пачаў маляваць фальшывыя чырвонцы і раздаваў людзям, пакуль яго не злавілі і самога не запраторылі ў лягер.

Сярод тых, каму дапамог Шагойка, была і сям’я дзеда па кудзелі Алеся Аркуша.

Пошукі сьлядоў Шагойкі — гэта адна зь сюжэтных ліній рамана «Спадчына», якая трымае ўвесь твор у цікаўным напружаньні. У канцы твора ўзьнікае пытаньне, на якое павінен адказаць чытач самастойна: дык якую ж спадчыну пакінуў землякам Іван Шагойка?

Ігар Сідарук. «Выкраданьне вепрука». Навэлі і апавяданьні. Выдавецтва «Янушкевіч»

Кобрынец Ігар Сідарук вядомы як паэт, драматург, празаік і фотамастак. Ягоны зорны час як пісьменьніка прыпадае на самы актыўны пэрыяд Таварыства вольных літаратараў — сярэдзіну і другую палову 90-х. Тады ягоныя п’есы ішлі ў сталічных і абласных тэатрах, напрыклад спэктакль «Галава», які паставіў Валеры Мазынскі на «Вольнай сцэне». Пра драматургічныя посьпехі Ігара Сідарука падрабязна напісала польская дасьледчыца тэатра Бэата Сівэк у сваёй кнізе «Wolność ukrzyżowana. Rzecz o bialoruskim dramacie i teatrze».

Менш пашанцавала прозе Сідарука. Да таго, як выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч» электронная кніга «Выкраданьне вепрука», у Ігара быў толькі невялічкі зборнічак апавяданьняў і навэляў «Квадратная варона», які пабачыў сьвет у «Полацкім лядзе» ў 2000 годзе. Таму, відавочна, задача «Выкраданьня вепрука» — актуалізаваць прозу кобрынскага пісьменьніка і пазнаёміць зь ёй як мага большае кола аматараў сучаснай беларускай літаратуры. А калі сказаць прасьцей — вярнуць яе з забыцьця.

Часопіс Arche у свой час, прадстаўляючы аўтара «Выкраданьня вепрука», напісаў, што «Ігар Сідарук — празаік-фантасмагорык, драматург-сюррэаліст, выказьнік маргінальнай сьвядомасьці, майстар чорнага бурлеску». Нават неабазнанаму чытачу становіцца зразумела, што ён адрозьніваецца ад традыцыйных майстроў беларускай прозы. Сідарук блізкі іншаму тэвээлаўскаму празаіку Вінцэсю Мудрову — у тым сэнсе, што піша пра савецкую і постсавецкую траўмаваную сьвядомасьць, да таго ж абодва яны моўныя майстры-стылісты, стварылі сваю аўтарскую мастацкую мову і апавядальную інтанацыю. Толькі Сідарук больш рэзкі, брутальны і менш рэалістычны, не трымаецца дакладнасьці мастацкага адлюстраваньня, а актыўна выкарыстоўвае фантасмагарычныя і сюррэалістычныя прыёмы.

«Асуджаны без суду. Браніслаў Пяткевіч (1918 — 2005)». Альманах «Асоба і час», № 8

Падобных беларускіх гісторый зьніклага бязь сьледу ў небыцьці, відавочна, дзясяткі і сотні. Бо сотням тысяч беларусаў у ХХ стагодзьдзі бальшавіцкая дэспатыя зламала лёс і пазбавіла жыцьця, перадусім творчым, беларуска цэнтрычным асобам. Браніславу Пяткевічу пашанцавала. Ці мог ён сабе пры жыцьці ўявіць, што ягоны фатаздымак будзе зьмешчаны на вокладцы такога аўтарытэтнага выданьня?

Гэтую публікацыю падрыхтаваў Алесь Аркуш. У 2001 годзе яму расказалі пра дзіўнага дзядка, які піша вершы па-беларуску і на чым сьвет стаіць кляне былыя савецкія парадкі. Наведаўшы арыгінальнага калгасьніка ў вёсцы Бабынічы, што пад Полацкам, Аркуш пачуў ад яго сапраўдную сагу пра тое, як ён выратаваў у ГУЛАГу жыцьцё беларускаму паэту Сяргею Новіку-Пеюну. Аркуш запісаў успаміны на дыктафон і падрыхтаваў для газэты «Віцебскі кур’ер» інтэрвію. На базе гэтага матэрыялу і нарадзілася публікацыя пра Браніслава Пяткевіча ў альманаху «Асоба і час».

Браніслаў Пяткевіч

Да ранейшага інтэрвію дадаліся розныя архіўныя матэрыялы, якія Пяткевіч падчас сустрэчы перадаў Аркушу — вершы, старонкі рукапісаў, лісты і паштоўкі Новіка-Пеюна. А таксама адшукаўся допіс-данос Ваймана ў газэце «Віцебскі пралетарый» (25.10.1937), пасьля якога Пяткевіч трапіў у абцуговыя рукі энкавэдыстаў.

З надрукаваных архіўных матэрыялаў найбольш уражвае верш Браніслава Пяткевіча «Фашызм і камунізм», які аўтар ад рукі напісаў, амаль як мастацка-ідэалягічны акт, на вокладцы часопіса «Коммунист».

Аснова адна ў абедзьвюх структур:
Крывёю ўзьведзены гмах дыктатур.