Замяшчальная гарманальная тэрапія ў жанчын: ад фобіі да філіі

Гэта праблема, якая дагэтуль ахутана мноствам забабонаў, і, на жаль, малавядомая шырокаму колу нашых суайчыньніц. Гаворка пра мэнапаўзальныя зьмены і пра тое, як ім процістаяць.

Па-першае, мэнапаўза (апошняя мэнструацыя ў жыцьці жанчыны) у сярэднім рэгіструецца ва ўзросьце каля 51 году. Але пасьля 45 гадоў (трэба разумець, што ў кожнай жанчыны гэта індывідуальна, мы тут прыводзім сярэднестатыстычныя дадзеныя) ужо могуць зьявіцца зьмены ў характары мэнструальнага цыклу. Гэта першыя прылівы і іншыя добра вядомыя сымптомы, якія ўласьцівыя для паступовага зьніжэньня колькасьці жаночых палавых гармонаў.

Агульныя праявы клімактэрычных зьменаў маюць месца і пасьля мэнапаўзы на працягу аднаго-дзьвюх гадоў. Дык вось гэты час — год ці два да і пасьля мэнапаўзы — носіць назву перымэнапаўзальнага пэрыяду.

Перымэнапаўзальны пэрыяд

Гэта досыць складаны час у жыцьці жанчыны, бо цягам яго звычайна зьяўляюцца розныя хваробы, напрыклад, павышаны артэрыяльны ціск, дэпрэсія, атэрагенныя зьмены сывараткі крыві. Таксама зьяўляюцца касмэтычныя зьмены, такія як сухасьць скуры, зморшчыны, зьніжэньне бляску валасоў і вачэй. Гэтыя зьмены паступова нарастаюць на працягу некалькіх месяцаў пасьля наступленьня мэнапаўзы.

Як спэцыялістаў у галіне старэньня, нас у большай ступені непакояць іншыя зьмены — яны тычацца аддаленага ад мэнапаўзы пэрыяду, калі на працягу некалькіх гадоў паступова разьвіваюцца розныя захворваньні. Гэта:

остэапароз (зьніжэньне мінэральнай шчыльнасьці костак, яны становяцца падатлівымі да траўмаў і пераломаў),

кагнітыўныя разлады (зьніжэньне памяці, якое часам можа выклікаць досыць сур’ёзныя цяжкасьці ў паўсядзённыя жыцьці),

мэтабалічны сындром, пад якім разумеецца шэраг хваробаў — артэрыяльная гіпэртэнзія, атэрасклероз, атлусьценьне і атэрагенныя зьмены сывараткі крыві, спалучэньне якіх значна павышае рызыку так званых сардэчна-судзінных катастроф — інфаркту міякарда і мазгавога інсульту.

Усе гэтыя зьмены і рызыкі перымэнапаўзальнага пэрыяду, абумоўлены фізіялягічным зьмяншэньнем узроўню жаночых палавых гармонаў — эстрагенаў.

Менавіта эстрагены маюць моцныя абаронныя функцыі адносна разьвіцьця сардэчна-судзінных хваробаў. Таксама яны маюць антыатэрасклератычны эфэкт, бароняць ад нэгатыўных наступстваў стрэсу, павышаюць узровень болевай чульлівасьці і паляпшаюць вонкавы выгляд скуры, робячы яе элястычнай, мяккай і вільготнай, прадухіляюць зьяўленьне зморшчын.

Замяшчальная тэрапія

Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў назапашаны вялікі вопыт у карыстаньні ў паўсядзённай мэдычнай практыцы так званай замяшчальнай гарманальнай тэрапіі. Яна заключаецца ў тым, што па меры разьвіцьця мэнапаўзальных зьменаў жанчыне прызначаюць спэцыяльныя пілюлі, у склад якіх уваходзяць жаночыя палавыя гармоны, якія не даюць старэньню ісьці хуткімі тэмпамі.

Замяшчальная гарманальная тэрапія досыць распаўсюджана ва ўсім сьвеце. Яна зьмякчае цячэньне клімактэрычных зьменаў, прадухіляе разьвіцьцё шматлікіх узроставых зьменаў, такіх як остэапароз, мэтабалічны сындром, зьніжэньне памяці.

Забабоны

Адным з устойлівых забабонаў, які перашкаджае пашырэньню замяшчальнай гарманальнай тэрапіі, зьяўляецца страх атрымаць анкалягічныя захворваньні жаночай палавой сфэры.

Насамрэч у апошнія гады паказана, што калі адпаведная тэрапія прызначана паводле паказаньняў, то гэтая рызыка практычна не перавышае рызыку разьвіцьця захворваньня ў жанчын, якія не прымаюць замяшчальную гарманальную тэрапію.

Дадайце да гэтага яшчэ і тое, што калі прызначаецца гарманальная тэрапія, то жанчына больш часта ходзіць да лекара абсьледавацца, што павышае верагоднасьць своечасовага, раньняга выяўленьня той ці іншай паталёгіі.

Парада

Ня трэба быць «гармонафобамі», ня трэба баяцца замяшчальнай гарманальнай тэрапіі, бо яна мае моцны станоўчы прафіляктычны эфэкт.

Калі ў вас у адпаведным узросьце зьявіліся парушэньні мэнтструальнага цыклю і агульныя зьмены стану здароўя, зьвязаныя з клімактэрычным працэсам, абавязкова зьвярніцеся да лекара з пытаньнем «Ці ёсьць у мяне патрэба і паказаньні ў прыёме замяшчальнай гарманальнай тэрапіі?»

Сучасны мэдычны сьвет даўно прайшоў шлях ад гарманафобіі да гарманафіліі.