Ерэван пасьля неабраньня Пашыньяна. Прыхільнікі апазыцыі зноў на плошчы. УЖЫВУЮ

Сёньня ў Нацыянальным сходзе Армэніі прайшло галасаваньне па кандыдатуры Нікола Пашыньяна на пасаду прэм’ер-міністра. Для прызначэньня не хапіла галасоў.

Раней лідэр пратэстнага руху і кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Елк» Пашыньян заклікаў сваіх прыхільнікаў па ўсёй краіне «пакінуць усе справы і сабрацца на плошчы Рэспублікі ў Ерэване» для таго, каб забясьпечыць яму падтрымку падчас працэдуры ў галоўным заканадаўчым органе краіны, дзе Рэспубліканская партыя былога прэмʼер-міністра Сэржа Саргсьяна па-ранейшаму валодае большасьцю.

Людзі сабраліся, але парлямэнт усё роўна прагаласаваў супраць Пашыньяна.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Армэніі, у Нацыянальным сходзе на працягу 7 дзён будзе праведзена чарговае абраньне прэм’ер-міністра. Калі кандыдат ня будзе абраны, Нацыянальны сход будзе распушчаны.