ЗША пацьвердзілі дастаўку супрацьтанкавых комплексаў «Джэвэлін» ва Ўкраіну

Дзярждэпартамэнт ЗША пацьвердзіў дастаўку амэрыканскіх супрацьтанкавых ракетных комплексаў «Джэвэлін» (Javelin) ва Ўкраіну.

«Яны ўжо дастаўленыя», — паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША 30 красавіка ў адказ на запыт украінскай службы Радыё Свабода аб перадачы «Джэвэлінаў».

«Джэвэлін» — пераносны супрацьтанкавы ракетны комплекс, ён прызначаны для паразы бронетэхнікі, танкаў, а таксама беспілётнікаў, гэлікоптэраў і вінтаматорных самалётаў, што заходзяць на пасадку.

У канцы 2017 году адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыняла рашэньне аб продажы Ўкраіне лятальнай зброі, у тым ліку і «Джэвэлінаў» (папярэдняя адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы гэтае рашэньне доўга блякавала). 1 сакавіка Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ўхваліў продаж Украіне 210 супрацьракетных комплексаў і 37 пускавых установак да іх на агульную суму каля 47 мільёнаў даляраў.

Сэнатар Роберт Портман, сустаршыня групы падтрымкі Ўкраіны ў Сэнаце ЗША, заявіў, што амэрыканская лятальная зброя «дапаможа Кіеву лепш абараніць сябе».

«Украінцы не наступаюць, яны абараняюць цэласнасьць сваёй тэрыторыі, — заявіў сэнатар з нагоды таго, як Украіна можа выкарыстоўваць зброю. — На ўсходняй мяжы Ўкраіны ёсьць патрэба адказаць на дзеяньні баевікоў, якіх падтрымлівае Расея. Там таксама ёсьць расейскае ўзбраеньне, і ўкраінцам цяжка супраць гэтага абараняцца, у прыватнасьці, супраць танкаў. [Супрацьтанкавыя] ракетныя комплексы, якія мы перадаем, дазволяць украінцам адказаць на гэта, каб лепш сябе абараніць».

Усяго абаронны бюджэт ЗША на 2018 фінансавы год прадугледжвае прадстаўленьне Ўкраіне 350 мільёнаў даляраў абарончай дапамогі, у тым ліку магчымасьць перадачы сьмяротнай зброі.