Карэйскі прэзыдэнт прапанаваў уручыць Трампу Нобэлеўскую прэмію

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін заявіў, што лідэр ЗША Дональд Трамп заслугоўвае атрымаць Нобэлеўскую прэмію міру за свае намаганьні па спыненьні супрацьстаяньня з Паўночнай Карэяй вакол яе ядзернай праграмы. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка прэзыдэнта.

Мун Чжэ Ін сустрэўся зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам 27 красавіка ў дэмілітарызаванай зоне на поўдзень ад мяжы паміж дзьвюма дзяржавамі. У сумеснай дэклярацыі, падпісанай па выніках сустрэчы, гаворыцца, што Пхэньян і Сэул маюць намер да канца года заключыць мірны дагавор, які афіцыйна пакладзе канец стану вайны паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі.

На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Мун Чжэ Ін адзначыў, што паміж дзьвюма краінамі больш ня будзе вайны і пачынаецца «новая эра міру». У сваю чаргу лідэр Паўночнай Карэі заявіў, што спадзяецца на аб’яднаньне дзьвюх краін у будучыні.

Дональд Трамп вітаў сустрэчу лідэраў Паўднёвай і Паўночнай Карэі і дасягнутыя на іх дамоўленасьці.

«Карэйская вайна завяршаецца! Злучаныя Штаты і ўсе нашы выдатныя людзі павінны адчуваць гонар ад таго, што зараз адбываецца ў Карэі!» — напісаў прэзыдэнт у твітэры.