У Маскве праходзіць мітынг у падтрымку Telegram. УЖЫВУЮ

Стваральнік Telegram Павел Дураў

У Маскве ў панядзелак праходзіць мітынг пратэсту супраць забароны ў Расеі месэнджэра Telegram. Радыё Свабода вядзе прамую трансьляцыю з праспэкта Сахарава, дзе ўлады Масквы ўзгаднілі акцыю з удзелам пяці тысяч чалавек.

Па дадзеных актывістаў, на мітынг да цяперашняга моманту прыйшло больш за дзьве тысячы чалавек. У людзей ў руках сьцягі і плякаты ў абарону Telegram і супраць Роскомнадзора.

13 красавіка суд у Маскве пастанавіў неадкладна заблякаваць месэнджэр Telegram у Расеі праз тое, што ён не перадаў ФСБ ключы шыфраваньня паведамленьняў карыстальнікаў. Роскомнадзор у спробах абмежаваць доступ да Telegram запатрабаваў ад правайдэраў заблякаваць некалькі мільёнаў IP-адрасоў, у тым ліку на плятформах Amazon і Google.

Гэта прывяло да збояў у працы шэрагу сайтаў і інтэрнэт-сэрвісаў, дзеяньні Роскомнадзора раскрытыкавалі вядучыя расейскія IT-кампаніі, шэраг палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Telegram у большасьці карыстальнікаў у Расеі па-ранейшаму працуе.