Выбары новага прэмʼер-міністра будуць праходзіць на спэцыяльным пасяджэньні Нацыянальнага сходу (парлямэнта) Армэніі 1 траўня. Пасьля канстытуцыйнай рэформы прэмʼера зацьвярджае менавіта парлямэнт, і менавіта прэмʼер, а не прэзыдэнт атрымлівае ўсю паўнату ўлады ў краіне.
Для абраньня прэмʼер-міністра ў парлямэнце кандыдату неабходна набраць 53 галасы. У апазыцыйнай «Елк» — толькі дзевяць месцаў. Абсалютная ж большасьць галасоў (58 месцаў) мае кіруючая Рэспубліканская партыя.
Рэспубліканцы пасьля масавых пратэстаў заявілі, што ня будуць вылучаць свайго кандыдата ў прэмʼеры. Аднак кіраўнік парлямэнцкай фракцыі кіруючай партыі Ваграм Багдасаран таксама выключыў, што партыя будзе галасаваць за кандыдатуру апазыцыйнага лідэра.
На мінулым тыдні Пашыньян заявіў, што гатовы стаць прэмʼерам Армэніі, калі народ «ускладзе на яго адказнасьць».
З сярэдзіны красавіка ў Армэніі праходзяць акцыі супраць прызначэньня былога прэзыдэнта краіны Сэржа Саргсьяна на пасаду прэмʼер-міністра. Пратэсты ўзначаліў апазыцыйны дэпутат Нікол Пашыньян. 23 красавіка Сэрж Саргсьян сышоў у адстаўку з пасады прэмʼер-міністра. Затым у адстаўку сышоў урад, а паўнамоцтвы прэмʼер-міністра перайшлі да першага віцэ-прэмʼера, чальца кіроўнай Рэспубліканскай партыі Армэніі Карэна Карапэт’яна.