На Паўночных могілках пад Менскам адкрылі помнік Паўлу Шарамету. ФОТАФАКТ
Павал Шарамет быў забіты ва ўзросьце 44 год, 20 ліпеня 2016 году ў Кіеве – невядомыя заклалі бомбу ў машыну. Афіцыйнае расьсьледаваньне забойства ідзе ўжо два гады, але няма ні падазраваных, ні доказаў, ні зачэпак. Адразу пасьля забойства Паўла Шарамета кіраўніцтва праваахоўных органаў і ўлады Ўкраіны заявілі, што расьсьледаваньне – справа гонару, але ўжо праз год справу «закрылі» ад грамадзкасьці.
Павал Шарамет быў вядомы перадусім як крытык беларускіх уладаў, але не баяўся крытыкаваць і расейскія, і ўкраінскія. Ды прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка казаў, што лічыў Шарамета сябрам. На фота — маці Паўла Шарамета Людміла.
Шарамет быў вядоўцам на беларускай тэлевізіі ў пачатку 1990-х, рэдактарам «Белорусской деловой газеты», перайшоў на расейскую тэлевізію ў якасьці беларускага карэспандэнта, кіраваў аддзелам спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага элеканалу ОРТ, заснаваў сайт «Беларускі партызан», працаваў у шэрагу ўкраінскіх СМІ.