Сёньня ў судзе Першамайскага раёна Менска да 7 сутак арышту прысудзілі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Пра гэта Свабодзе распавяла журналістка Любоў Лунёва, якая прысутнічала ў судзе.
«Яго судзілі за пікет 26 красавіка, які адбыўся падчас збору Чарнобыльскага шляху, але па іншым баку праспэкту. Паколькі гэта ўжо Першамайскі раён, то там і судзілі», — кажа Лунёва.
Вінярскага затрымалі пасьля таго, як ён выйшаў з дому ў краму. Актывіст прасіў замяніць пакараньне на штраф, паколькі дома ў яго засталася 76-гадовая маці, якую ён даглядае.
«Маці Вінярскага мае гіпэртанію і ёй нельга хвалявацца. А яна нават ня ведае, куды зьнік сын. Выйшаў у краму і зьнік. Ён прасіў даць іншае пакараньне, абы ня суткі, але не атрымалася», — гаворыць журналістка.
Сам актывіст пасьпеў распавесьці прысутным, што лічыць сваё затрыманьне спробай нэўтралізацыі напярэдадні акцыі 1 траўня.
Па словах Любові Лунёвай, неўзабаве на суд павінны даставіць актывістаў Вольгу Мікалайчык і Леаніда Кулакова. Пра спробу ўварваньня ў дом Вольгі Мікалайчык паведаміў у сваім Фэйсбуку праваабаронца Сяргей Сыс.
Раней грамадзкія актывісты анансавалі акцыю 1 траўня ў Кіеўскім сквэры ў Менску.