Лучнік Віктар Калач вырабляе наканечнікі стрэлаў, як нашы продкі амаль 5-7 тысяч гадоў таму, у пэрыяд нэаліту. Ён вучыць дзяцей і дарослых страляць ня столькі рукамі, колькі сэрцам, каб яны нікога не хацелі забіць.
«Трэба паглядзець чалавеку ў вочы»
«Прыяжджайце, трэба ўбачыць чалавека. Паглядзець яму ў вочы. Тады і пагаворым. Па тэлефоне ня тое», — кажа стралок.
Вочы ў Віктара празрыстыя і добрыя. Глыбока вырытыя рысы твару і дзіцячая ўсьмешка. Ён падобны да чалавека зь фільмаў пра джунглі. Доўгія валасы выбіваюцца з-пад павязанай хусты, скура абпаленая, рухі мяккія, адзеньне непрыкметнае.
Яму 36. Паходзіць з Горадні. Жыве ў Менску. Вядомы пад мянушкай Глюк (прывід) — яна замацавалася ў юнацтве, калі захапляўся ролевымі гульнямі. Скончыў 11 клясаў, вывучыўся на зваршчыка, працаваў аўтасьлесарам, займаўся плаваньнем, баскетболам, спартовым арыентаваньнем, рукапашным боем. Але па-сапраўднаму яго захапілі лукі.
Сустракаемся зь Віктарам у спартовай залі школы № 133. Тут праходзяць заняткі па стральбе для дзяцей і дарослых. Афіцыйна сэкцыя «Вольныя стралкі» існуе пры цэнтры адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя». Глюк і ягоныя паплечнікі належаць да згуртаваньня «Ліга вольных стралкоў».
Your browser doesn’t support HTML5
Цэліш або сабе ў нагу, або ў мішэнь
«Ну што, пастраляем?» — Віктар час ад часу перарывае гутарку і спрабуе ад размоваў перайсьці да дзеяньня. Выглядае, што падзяліцца справай свайго жыцьця з новым чалавекам яму карціць болей, чым самому пачаткоўцу спусьціць стралу.
«Левай рукой трымаеш лук, правай трыма пальцамі нацягваеш цеціву. Адводзіш руку ажно да вуха. Ня бойся, лук ня зломіцца. Вышэй локаць. Левае плячо кіруецца ў цэль, правы локаць цягне ў адваротным кірунку. Лічым да пяці».
Інструктар вучыць базавым навыкам без стралы.
«Якая пастаноўка ног? Гэта потым. Табе ж цяпер галоўнае хутчэй стрэліць, праўда? А ня слухаць, што я тут тлумачу», — ён выдатна разумее навічкоў.
Паміж лучнікам і шчытом з цэльлю 18 мэтраў. Чарговая спроба ўжо са стралой. «Цяпер пускай», — падказвае трэнэр. Страла зрываецца і захрасае ў шчыце, а адчуваньне, што ўбіваецца ў самае нутро, — такі выбух эмоцый дае першы трапны стрэл.
Адно з галоўных правілаў тут: цэліш або сабе ў нагу, або ў мішэнь. Пасьля словаў пра нагу хутчэй разумееш небясьпеку. Накіроўваць зброю на іншага чалавека або любую жывую істоту нельга. Інакш лічыцца, што ты рыхтуесься забіваць. Да таго ж страла выпадкова можа сарвацца. Стрэлы зь мішэняў зьбіраюць толькі па дамоўленасьці. У гэты момант ніхто не страляе.
Ставіць мэту і дасягаць яе
У школе кажуць, што яны вучаць так, як ніхто ў Беларусі. Тут важная ня столькі трапнасьць, колькі ўменьне ставіць мэту і дасягаць яе. Дзеля гэтага трэба гарманізаваць цела, розум і пачуцьці. Супакоіцца і накіраваць усю ўвагу на мэту, кажа трэнэр.
«Часта людзі робяць памылкі, не разумеючы наступстваў сваіх дзеяньняў. Задача школы — навучыць гэтаму. Наколькі далёка страляе лук, як страла рыкашэціць ад прадмета, чаго ты хочаш дасягнуць як стралок, — тлумачыць Віктар. — Каб страляць з лука, трэба выкарыстоўваць розум. Большасьць вынікаў залежыць ад сьвядомасьці: як вы зьвязваеце тое, што думаеце, і тое, што робіце.
Чалавек ідзе ў краму па малако. Ён ня думае пра гэта. Калі ён спатыкаецца, то называе гэта выпадковасьцю. Я называю гэта няўважлівасьцю. Наша задача — працаваць з увагай».
30-гадовы праграміст Зьміцер Іваноў займаецца стральбой другі год. Для яго гэта інструмэнт, каб пазнаваць сябе.
«Трэба паставіць мэту, паспрабаваць яе дасягнуць і паглядзець, наколькі памкненьні супадаюць з вынікам. Насамрэч дзеяньне вельмі простае: нацягнуць цеціву і адпусьціць. Гэтаму можна навучыцца за 15 хвілін. Але дасканаліць навык можна бясконца. Калі ты не трапляеш, значыць, нешта робіш ня так. У кожнага дзеяньня ёсьць наступствы», — кажа Зьміцер.
19-гадовая студэнтка Дыяна вывучае японскую мову. Стральбой займаецца больш за год. Пачынала са спартовага лука. Трапіла да Віктара і зразумела, што тут зусім іншая школа.
«У спартовай стральбе ты навучысься трапляць у цэль, і ўсё. У традыцыйнай стральбе ты больш прыслухоўваесься да свайго цела. За гэты год я стала лепш разумець людзей, вельмі разьвіўся бакавы зрок. Разьвіваецца адказнасьць. Я стала больш спакойнай, бо каб зрабіць стрэл, усё ў табе павінна супакоіцца», — кажа Дыяна.
Дзяўчына набыла сабе ўласны лук па замове за 300 даляраў і набор стрэл, кожная па 10 даляраў. Стралу лёгка зламаць, пусьціўшы яе міма мішэні. Але ейныя служаць ужо болей за год.
Навучаньне бясплатнае, рыштунак выдаюць
Прыйсьці ў школу стральбы да Глюка можа кожны: і дзіця, і дарослы (дзеці да 10 год — толькі разам з бацькамі). Навучаньне бясплатнае. Ніхто з інструктараў на гэтым не зарабляе. Гэта фактычна валянтэрства. Набываць свой лук і стрэлы не абавязкова, хоць не забаронена. У школе можна атрымаць увесь рыштунак. Заняткі ладзяцца ў выходныя і па вечарах у будні.
Традыцыйная гістарычная стральба ня лічыцца алімпійскім відам спорту, а лукі без прыцэлу ня лічацца зброяй.
Дзіцячай сэкцыяй займаецца 20-гадовая Дар’я Монід. Яна кажа, што па сьпісах ходзіць 35 дзяцей, больш проста не зьмясьцілася ў журнал. Таксама Дар’я шые строі для выступаў, цяпер — эпохі нэаліту.
Дзяўчына запэўнівае, што з правіламі бясьпекі ўсё строга.
«Першае, што мы кажам дзецям: „Калі ты думаеш, што лук і стрэлы можна выкарыстоўваць як зброю, то табе не сюды“. Насамрэч, калі дзеці бяруць лук, у іх зьмяняецца адчуваньне жыцьця іншага чалавека, яны становяцца больш асьцярожнымі», — кажа яна.
Дзесяцігадовая Карына ходзіць у сэкцыю ўжо чатыры гады. Яе сюды запісала мама. Па ейных словах, навучыцца страляць можа кожны. Для гэтага не абавязкова мець моцныя рукі. Дастаткова правільна стаяць і добра цэліць.
Дзіркі ў руках і разьбітыя да касьцей пальцы
Разынка ўсяго, чым займаецца Віктар, — наканечнікі як у часы нэаліту. Ён вырабляе аматарскія лукі каля дзесяці год, наканечнікі — чатыры.
У дзяцінстве ў горадзенскім музэі хлопец ня раз бачыў каменную зброю, знаходзіў цікавыя камяні на ўзьбярэжжы Нёмана. І аднойчы задумаўся, ці змог бы ён падручнымі сродкамі, палкай і каменем, зрабіць нешта падобнае.
«У мяне не атрымалася зь першага, другога, дзясятага, дваццатага разу. Часам я прыходзіў у лес, каб паспрабаваць зрабіць нешта рэжучае. Аказалася, што ўсё, чаму вучылі ў школе, мела тэарэтычны характар».
На гістарычным фэстывалі Віктар сустрэў польскага гісторыка Пётру Дмахоўскага, які ўмеў рабіць такія наканечнікі. Угаварыў паказаць яму.
«Пётра даў мне інструмэнт. Ён робіць, і я раблю. Ён нічога не тлумачыў, акрамя вугла сколу. Усё астатняе — гэта практыка, дзіркі ў руках, разьбітыя да касьцей пальцы, шмат спробаў знайсьці інфармацыю, цяжкая праца», — кажа Віктар.
Калі наканечнікі сталі крыху атрымлівацца, Віктар зразумеў, што першабытныя людзі былі «не малпападобныя, а з цалкам сфармаванай сьвядомасьцю, яны ведалі, чаго хочуць і як гэтага дасягнуць».
У Беларусі Віктар больш не сустракаў людзей, якія ўмеюць рабіць такія наканечнікі. Ведае, што адмыслоўцы ёсьць у Нямеччыне, Францыі, Літве, Польшчы, Расеі. Звычайна гэта гісторыкі і археолягі.
Наканечнікі каштуюць ад 25 даляраў
Камяні для наканечнікаў Віктар зьбірае ў кар’ерах пасьля выпрацоўкі крэйды каля пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну Горадзенскай вобласьці. Там адно з найбуйнейшых у Эўропе радовішчаў крэменю. За гэтыя шахты ў першабытныя часы ішлі войны. Крамянёвыя вырабы адсюль разыходзіліся па ўсёй Эўропе.
Крэмень — адзіны камень у нашых шыротах, які лёгка адколваецца і стварае востры, рэжучы беражок, як у шкла. Ім лёгка апрацоўваць дрэва, скуру. Па структуры ён падобны да абсыдыяну — вульканічнага шкла.
Любы камень разьбіваецца на меншыя кавалкі, потым адколваюцца тонкія пялёсткі. Біць трэба пад пэўным вуглом у пэўнае месца. Віктар адбівае кавалачкі з дапамогай рагоў аленя, казулі, лася і іншага каменя. Рукі абараняе скурай. Пажадана накладаць спэцыяльныя акуляры, каб не пашкодзіць аскепкамі вочы.
На наканечніку трэба зрабіць зубцы. Адзін скол — адзін зубец. Няправільны ўдар — і выраб ламаецца папалам. Пакуль апрацоўваеш, першапачатковая загатоўка зьмяншаецца ў 3–4 разы.
«Чым прыгажэйшы выраб, тым больш тон камянёў чалавек да гэтага зламаў», — мяркуе Віктар.
На адзін наканечнік у Віктара ідзе ад 40 хвілін да некалькіх дзён. У навічка за некалькі гадзін звычайна зусім нічога не выходзіць. Навучаньне займае некалькі год.
«Каб рабіць такія рэчы, трэба заглыбіцца ў гэты стан. Ты мусіш уявіць сябе галодным і злым», — лагодным голасам кажа гарадзенец.
Сваімі наканечнікамі Віктар не страляе, а каменнымі нажамі ня рэжа каўбасу. Гэта сувэніры. Яны каштуюць ад 25 даляраў і вышэй. Але нават гэты кошт, на ягоную думку, капейкі ў параўнаньні з патрачанымі высілкамі. Кажа, калі прадаваць таньней, то перастане рабіць іх зусім, бо будзе абясцэньваць сваю ўласную працу.
Найбольш такія сувэніры набываюць расейцы. У беларусаў, паводле майстра, няма на гэта грошай. Часам Глюк дорыць наканечнікі, але толькі тым, хто вельмі хоча, часьцей дзецям.
Выраб наканечнікаў для яго, як і стральба, — спосаб супакоіцца, працаваць са сваёй увагай, сьвядомасьцю, мэтанакіраванасьцю.
«На луку няма кнопкі „страляць“»
Віктар мяркуе, што ўсе людзі незвычайныя, а ён — па-свойму. Пры гэтым ён ня лічыць сябе пячорным чалавекам.
«Я ежджу на сучасным матацыкле, выкарыстоўваю сучасныя тэхналёгіі, спосабы сувязі, лятаў на самалёце. Я больш чым упэўнены, што калі б пячорныя людзі трапілі ў сучасны сьвет, яны б у дзясяткі разоў хутчэй адаптаваліся да яго, чым сучасныя людзі да тых умоваў», — перакананы ён.
Паводле ягоных слоў, каб быць пячорным чалавекам, патрэбная калясальная ўвага, здольнасьць разумець, што адбываецца і як.
«На луку няма кнопкі „страляць“, там усё робіцца рукамі. Там няма налады, якая за вас гэта зробіць. Я не лічу сябе пячорным чалавекам. Хутчэй за ўсё, ня выжыў бы ў тых умовах», — кажа лучнік.