Прычыны міралюбнасьці лідэра КНДР: тры вэрсіі ад былога амбасадара

Мірная дамова паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй можа быць падпісаная ўжо да канца 2018 году. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай дэклярацыі, прынятай па выніках перамоваў лідэра Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына і прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іна 27 красавіка на дэмаркацыйнай лініі, якая падзяляе дзьве дзяржавы, што да гэтага часу афіцыйна знаходзяцца ў стане вайны.

Што стаіць за гэтай падзеяй? Cустрэчу Кім Чэн Ына і Мун Чжэ Іна і яе магчымыя наступствы камэнтуе Георгі Кунадзэ, расейскі дыплямат, у 90-я гады 20 стагодзьдзя — намесьнік міністра замежных справаў Расеі і пасол у Рэспубліцы Карэя.

Ці сапраўды, на ваш погляд знаўцы Карэйскай паўвыспы і дыплямата, гэта неверагодная сустрэча? І яе вынікі, галоўнае, прывядуць да радыкальных зьменаў сытуацыі? І мірныя дамовы будуць паміж Сэўлам і Пхеньянам хутка падпісаныя?

Георгі Кунадзэ

— За апошнія 18 гадоў — гэта сапраўды першая падзея такога кшталту. Я нагадаю, што ўлетку 2000 году прэзыдэнт Рэспублікі Карэя Кім Дэ Чжун наведваў Пхэньян і сустракаўся з папярэднім вялікім правадыром Кім Чэн Ірам, бацькам цяперашняга дыктатара. І яны таксама шмат пра што добрае казалі — але нічога з гэтага рэалізавана не было. Так што, маючы гэты вопыт 18-гадовай даўніны, азіраючыся назад на тое, як разьвіваліся міжкарэйскія адносіны і адносіны Паўночнай Карэі з астатнім сьветам, я б пакуль устрымаўся ад нейкіх празьмерна аптымістычных чаканьняў. Пакуль што ўсё, што мы можам канстатаваць, — што абодва бакі прадэманстравалі добразычлівы падыход адзін да аднаго і шмат усьміхаліся. І на гэтым, зрэшты, усё!

Важнае значэньне гэтых перамоваў можна пакуль што ахарактарызаваць па двух напрамках. Па-першае, сустрэча двух карэйскіх лідэраў напярэдадні абвешчанай сустрэчы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і Кім Чэн Ына — гэта добры фармат, закліканы паказаць, што і Паўднёвая Карэя ня будзе выкінутая з працэсу ўрэгуляваньня праблемаў з Пхэньянам. Па-другое — праўдападобна, паўночнакарэйцы надзвычай настроеныя на тое, каб як мага больш удала правесьці сустрэчу з Трампам, і таму зараз яны паспрабуюць прадэманстраваць максымальна магчымую міралюбнасьць.

Але ёсьць і адваротны бок — у тым, што велізарная колькасьць рэальных праблемаў, якія існуюць у адносінах паміж Паўночнай Карэяй і ўсім астатнім сьветам, такая, што хуткага іх вырашэньня, такога, якога можна было б дасягнуць за пару гадзінаў або нават за некалькі месяцаў, я проста ня бачу.

Галоўнае пытаньне, якім задаюцца ўсё, — гэта сапраўдныя прычыны цяперашняй дзіўнай адкрытасьці і міралюбнасьці паўночнакарэйскага дыктатара.

— Увесь мой досьвед мне падказвае, што спрабаваць растлумачыць паводзіны Пхэньяну і ўздымы ды ўсплёскі настрояў тамтэйшых правадыроў — справа няўдзячная. Ёсьць, напрыклад, вэрсія, што паўночныя карэйцы вырашылі спыніць выпрабаваньні ядзернай зброі, таму што іх знакаміты палігон Пунгеры, на якім яны адбываліся, проста канчаткова прыйшоў у заняпад. І працяг выпрабаваньняў на ім пагражае надзвычай сур’ёзнай катастрофай. А паколькі няма дзе выпрабоўваць ядзерную зброю, дык давайце пакуль абвясьцім пра тое, што мы выпрабаваньні спыняем!

Другая вэрсія: па стане на сёньня Паўночная Карэя задаволеная тым узроўнем боегатоўнасьці яе ракетнай зброі і ядзерных боегаловак, які быў дасягнуты за апошні час, і працяг выпрабаваньняў у Пхэньяне ня лічаць неабходным.

І нарэшце, трэцяя вэрсія: усё ж такі паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын робіць уражаньне надзвычай імпульсіўнага і эмацыйнага чалавека. І ў гэтым сэнсе яму можа спадабацца стаць ужо нарэшце не «усясьветным пудзілам», а прыемнай сусьветнай сэнсацыяй. А сэнсацыяй ён можа стаць, толькі калі сапраўды будзе гатовы на справе вырашыць вельмі шмат праблем, якія падзяляюць КНДР і астатні сьвет, зрушыць іх зь мёртвай кропкі. Мне бліжэйшая гэтая, апошняя вэрсія.

Ці ня мог з Пэкіну паступіць загад Кім Чэн Ыну, каб ён зьмяніў свае паводзіны? Ці мы пра гэта ніколі не даведаемся? Ці ён такі загад з КНР усё роўна ня выканаў бы, нават калі б атрымаў?

— Нельга забываць, што Кін Чэн Ын, перш за ўсё, нядаўна наведаў Кітай. Спачатку было абвешчана, што рыхтуецца яго сустрэча з Трампам, а пасьля гэтага ён адправіўся ў Пэкін. Гэта вельмі рэдкая падзея. У апошні раз з паўночнакарэйскіх правадыроў Кітай наведваў Кім Чэн Ір, калі ён сам яшчэ быў толькі пераемнікам свайго бацькі і дзеда цяперашняга дыктатара. Тое, што кіраўнікі КНР былі незадаволеныя Паўночнай Карэяй усе апошнія гады, што гэтая незадаволенасьць нарастала і даволі хутка — гэта даволі вядомы факт. Але тое, што Пэкін здольны проста аддаць загад Кім Чэн Ыну і Паўночнай Карэі як залежнай краіне — у гэта верыцца зь вялікай цяжкасьцю.


КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні