Трамп: «Карэйская вайна завяршаецца!»

Сустрэча лідэраў Паўночнай і Паўднёвай Карэі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вітаў сустрэчу лідэраў Паўднёвай і Паўночнай Карэі і дасягнутыя падчас яе дамоўленасьці.

«Карэйская вайна завяршаецца! Злучаныя Штаты і ўсе нашы цудоўныя людзі павінны адчуваць гонар ад таго, што цяпер адбываецца ў Карэі!» — напісаў Трамп у твітэры. Ён назваў сустрэчу лідэра КНДР Кім Чэн Ына з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам «гістарычнай», але дадаў, што «толькі час пакажа», ці сапраўды яна прывядзе да прарыву ў двухбаковых адносінах. Трамп таксама падзякаваў старшыні КНР Сі Цьзіньпіню за тое, што той паўплываў на пазыцыю Пхэньяну.

Лідэры Паўночнай і Паўднёвай Карэі сустрэліся ў пятніцу ў дэмілітарызаванай зоне на поўдзень ад мяжы паміж дзьвюма дзяржавамі. У сумеснай дэклярацыі, падпісанай па выніках сустрэчы, гаворыцца, што Пхэньян і Сэул маюць намер да канца году заключыць мірную дамову, якая афіцыйна пакладзе канец стану вайны паміж дзьвюма карэйскімі дзяржавамі. На прэс-канфэрэнцыі па выніках сустрэчы Мун Чжэ Ін адзначыў, што паміж дзьвюма краінамі больш ня будзе вайны і пачынаецца «новая эра імру». Мун Чжэ Ін паведаміў, што мае намер неўзабаве наведаць Пхбньян. У сваю чаргу лідэр Паўночнай Карэі заявіў, што спадзяецца на аб’яднаньне дзьвюх краінаў у будучыні.

Ён таксама заявіў, што Пхэньян і Сэўл дамовіліся працаваць над ядзерным раззбраеньнем Карэйскай паўвыспы.

Менавіта ракетна-ядзерная праграма КНДР выклікае найбольшую занепакоенасьць Вашынгтону. Раней Трамп вітаў рашэньне Кім Чэн Ына пра мараторый на ядзерныя выпрабаваньні. Праблема ядзернага раззбраеньня КНДР абмяркоўвалася і на сустрэчы былога дырэктара ЦРУ, цяперашняга дзяржсакратара Майка Пампэа з Кім Чэн Ынам некалькі тыдняў таму. Цяпер ідзе падрыхтоўка да сустрэчы Трампа зь лідэрам КНДР.

Кім Чэн Ын стаў першым паўночнакарэйскім лідэрам, які наведаў Паўднёвую Карэю ад 1953 году. Тады было заключанае перамірʼе ў Карэйскай вайне, аднак мірная дамова дагэтуль не падпісаная.

КНДР і Паўднёвая Карэя дамовіліся аб ядзерным раззбраеньні