Віцебскі музэй Марка Шагала прапанаваў гледачам незвычайную экспазыцыю з аўтарскіх літаграфій: яны былі адмысловымі ўкладкамі ў мастацкія часопісы, якія выдаваліся ў Францыі ў мінулым стагодзьдзі.
Экспазыцыя «Марк Шагал і мастакі эўрапейскага авангарду» складаецца з дзьвюх частак. На першым паверсе Арт-цэнтру Марка Шагала гледачам дэманструюць шагалаўскія творы, на другім — творы Пікаса, Матыса, Лежэ, Міро ды іншых эўрапейскіх мастакоў-авангардыстаў, творы якіх сёньня лічацца сусьветнай клясыкай.
Арыгінальная канцэпцыя выставы дазволіла аб’яднаць у межах адной экспазыцыі працы абсалютна розных мастакоў, падкрэсьлівае мастацтвазнаўца Аляксандар Лісаў.
«Марк Шагал быў натуральна зьвязаны з мастацкім асяродкам Парыжу, і пераважная большасьць славутых мастакоў ХХ стагодзьдзя, творчасьць якіх прадстаўлена ў экспазыцыі, таксама зьвязана з парыскім мастацкім асяродкам. Безумоўна, яны не наступнікі Шагала, у іх абсалютна ўласныя мастацкія стылі. Можна нават спрачацца, хто зь іх „большы“ ці „меншы“ мастак: напрыклад, Шагал або Пікаса ці Матыс. Але ўсе яны імкнуліся стварыць уласны мастацкі сьвет, не падобны да іншых. І гэта ўжо клясыка сусьветнага мастацтва», — заўважае спадар Лісаў.
Ірына Воранава, дырэктарка музэя Марка Шагала, адзначае яшчэ некалькі момантаў, якія канцэптуальна аб’ядноўваюць усе творы, паказаныя на новай выставе. Па-першае, усе яны выкананы ў тэхніцы літаграфіі, па-другое, гэта аўтарскія адбіткі, а не перадрукі арыгіналаў. Па-трэцяе, усе гэтыя экспанаты трапілі ў музэй дзякуючы калекцыянэру і мэцэнату Генрыху Мандэлю, які падараваў Віцебску амаль што поўныя наклады часопісаў з арыгінальнымі ўкладкамі.
«Генрых Мандэль 17 гадоў перадаваў музэю ўсё, што зьвязана зь імем Шагала. У 2002 годзе ён падарыў бібліятэку, 2 з паловай тысячы выданьняў пра Марка Шагала. Сярод іх былі францускія выданьні ХХ стагодзьдзя — мастацкія часопісы Verve і Derriere le miroir, вядомыя тым, што мелі эксклюзіўнае права зьмяшчаць усярэдзіне арыгінальныя аўтарскія графічныя аркушы. Выдаваліся яны невялікімі накладамі, прызначаліся для калекцыянэраў, музэяў. Гэтыя аркушы можна вымаць і разьмяшчаць асобна ў рамках, на выставах», — тлумачыць дырэктарка музэю.
У музэі ёсьць каля 100 такіх арыгінальных аўтарскіх аркушаў-літаграфій. Частку зь іх дагэтуль не вымалі з часопісаў, якія таксама зьяўляюцца музэйнымі экспанатамі. Але экспануюцца яны часьцей за мяжой, чымсьці ў Віцебску. У замежжы віцебскія калекцыі прымаюць з захапленьнем, бо такія багатыя зборы твораў прадстаўнікоў мастацтва авангарду ёсьць далёка ня ў кожным эўрапейскім музэі.
Ні ў адным беларускім музэі такой багатай калекцыі таксама няма, таму віцябляне і госьці гораду маюць унікальную магчымасьць убачыць сапраўдныя мастацкія каштоўнасьці. Зрэшты, ня толькі віцябляне: падчас прэзэнтацыі выставы было адзначана, што яна адкрывае «турыстычны» музэйны сэзон. Бо з траўня па верасень у Віцебску бывае найбольшая колькасьць турыстаў, якія імкнуцца пазнаёміцца з шагалаўскімі мясьцінамі і мастацкім абліччам гораду.