Брытанцы сёлета пачнуць здымаць пяцісэрыйны мастацкі фільм «Чарнобыль», грунтаваны на падзеях вакол аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. У прадукцыі, фінансаванай брытанскай кампаніяй Sky і амэрыканскай HBO возьмуць удзел звыш 100 актораў.
Пра гэта брытанскаму выданьню The Guardian сказала Ніна Голд, адна з найбольш вядомых у сучасным кіно casting directors, то бок асобаў, якія займаюцца падборкай актораў і разьмеркаваньнем роляў у фільме.
Галоўныя ролі ў сэрыяле «Чарнобыль» будуць выконваць Джарэд Гарыс, Эмілі Ўотсан і Стэлан Скарсгард. Больш за сотню актораў выступіць у ролях савецкіх салдат і пажарнікаў — ліквідатараў непасрэдных наступстваў выбуху рэактара ў Чарнобылі 26 красавіка 1986.
Здымкі для фільму пачнуцца празь некалькі месяцаў у Літве.
Ніна Голд сказала The Guardian, што ў выпадку сэрыялу «Чарнобыль» найцяжэйшым заданьнем для яе было падшукаць актора для ролі Міхаіла Гарбачова. Чаму?
«Бо ня менш чым 60% яго ролі — гэта выслухоўваньне дрэнных навінаў. То бок яму ўвесь час кажуць, у якое сабачае гаўно ўсе ўляпаліся, а ён павінен сядзець там і толькі слухаць гэтага», — Голд патлумачыла спэцыфіку ролі Гарбачова ў сваім калярытным размоўным стылі.
У сваёй 30-гадовай кар’еры як casting director Голд правяла пробы з амаль 70 тысячамі актораў. Ёй належаць падборкі актораў для такіх пасьпяховых тэлесэрыялаў як «Гульня тронаў» і «Карона» ці кінафільмаў «Тэорыя ўсяго», «Кароль гаворыць» або найноўшыя прадаўжэньні кінасагі «Star Wars».