Лідэр пратэстаў у Армэніі, дэпутат Нікол Пашыньян, запэўніў, што Расея ня будзе ўмешвацца ў палітычны крызіс у краіне. Да такой высновы ён прыйшоў пасьля сустрэчы зь неназванымі прадстаўнікамі расейскіх уладаў, якая прайшла ў сераду.
«Я сёньня сустракаўся з афіцыйнымі прадстаўнікамі Расеі, і яны мяне запэўнілі, што Масква ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы Армэніі», — заявіў Пашыньян падчас мітынгу на Плошчы Рэспублікі ў Ерэване.
Раней прэзыдэнт Армэніі Армэн Саргсьян правёў тэлефонную размову з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Палітыкі абмеркавалі масавыя пратэсты ў Ерэване. Пуцін заклікаў улады Армэніі не абвастраць крызіс і вырашыць канфлікт за сталом перамоваў.
У Армэніі больш за два тыдні працягваюцца масавыя пратэсты, якія прывялі да адстаўкі прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна. Ён займаў пасаду прэзыдэнта Армэніі 10 гадоў. Падчас свайго апошняга тэрміну Саргсьян правёў канстытуцыйную рэформу, якая пашырыла паўнамоцтвы прэм’ера.
У сераду, 25 красавіка, прыхільнікі лідэра апазыцыі Нікола Пашыньяна аднавілі акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Гэта адбылося пасьля таго, як заплянаваныя перамовы паміж Пашыньянам і прадстаўнікамі кіраўнічай партыі сарваліся. Апазыцыя настойвае, што Пашыньян павінен стаць выканаўцам абавязкаў прэм’ер-міністра.