У Міністэрстве транспарту і камунікацый Літвы пракамэнтавалі заяву міністра транспарту і камунікацый Беларусі Анатоля Сівака, што літоўская дзяржава датуе Віленскі аэрапорт, каб завабіць «бюджэтныя» авіякампаніі.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка ў сваім пасланьні да народу і парлямэнту спытаўся: «Чаму нашым грамадзянам больш выгадна лётаць адкуль заўгодна — зь Вільні, Кіева, Варшавы, але ня зь Менску?».
У суседніх зь Беларусьсю краінах (у тым ліку ў Віленскім аэрапорце) працуе шэраг лоўкостэраў — авіякампаній, якія прапануюць палёты па мінімальных цэнах, але бяз большасьці дадатковых паслугаў для пасажыраў, зь вельмі абмежаванымі аб’ёмамі багажу, нярэдка ў нязручны час або ў далёкія ад папулярных гарадоў аэрапорты.
У Беларусь лоўкосты практычна ня лётаюць, няма і беларускай лоўкост-кампаніі — прычыны гэтага называюць самыя розныя.
Беларускі міністар: Літва датуе Віленскі аэрапорт зь бюджэту
Адказваючы на пытаньне ад Лукашэнкі, міністар транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак патлумачыў у інтэрвію парталу Tut.by, што ў Літве «лётаюць лоўкост-кампаніі, а „Белавія“ гэты прынцып лоўкост-кампаній не прымяняе».
Паводле Сівака, у Вільні аэрапорт «прад’яўляе кампаніям часам мінімальныя выдаткі, а часам наагул яны датуюць гэты аэрапорт».
«Мы ж не датуем сёньня ніводным рублём зь бюджэту наш аэрапорт», — сказаў Анатоль Сівак.
У кампаніі «Белавія» карэспандэнту Свабоды адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, бо «міністар ужо ўсё сказаў».
«Эўрапейскія рэглямэнты не прадугледжваюць датаваньня аэрапортаў»
Якая сытуацыя зь фінансаваньнем аэрапортаў у Літве, Свабодзе сказаў дырэктар дэпартамэнту палітыкі ў сфэры дарожнага транспарту і грамадзянскай авіяцыі літоўскага Міністэрства транспарту і камунікацый Уладыслаў Кандратовіч.
«У нас дзейнічаюць эўрапейскія рэглямэнты і дырэктывы, якія не прадугледжваюць датаваньня аэрапортаў. Наогул у нас няма сваёй авіяцыі, мы ня маем нацыянальнага перавозчыка, нам няма каго датаваць», — сказаў літоўскі чыноўнік.
Паводле дырэктара дэпартамэнту, адносна аэрапортаў у Літве «даволі строга ўсё апісана, дзе дзяржава можа дапамагаць».
«Гэта пабудова і падтрыманьне ўзьлётна-пасадачнай паласы, забесьпячэньне сыстэмы бясьпекі. І больш ніякіх падтрымак няма. То бок свой бюджэт аэрапорты пераважна фармуюць з палётаў», — сказаў Уладыслаў Кандратовіч.
У Літве працуюць папулярныя ў сьвеце лоўкосты Wizz Air і Ryanair, паслугамі якіх карыстаюцца і многія грамадзяне Беларусі.
Літоўскія аэрапорты: прыбытак і пасажырапаток
У дзяржаўнай кампаніі Lietuvos oro uostai, якая аб'ядноўвае аэрапорты ў Вільні, Коўне і Паланзе, карэспандэнту Свабоды таксама пацьвердзілі, што датаваць аэрапорты зь бюджэту немагчыма паводле закону.
У мінулым годзе пасажырапаток трох літоўскіх аэрапортаў склаў каля 5,2 мільёна пасажыраў. Сёлета за першы квартал адзначаецца рост колькасьці пасажыраў параўнальна з такім жа мінулагоднім пэрыядам.
У 2016 годзе Lietuvos oro uostai выплаціла дзяржаве звыш 1,7 мільёна эўра, сума дывідэндаў склала на 70% больш, чым за 2015 год.
Для параўнаньня, Нацыянальны аэрапорт «Менск» за 2017 год перавёз больш за 4 мільёны пасажыраў, што на 20% перавышае паказчык 2016 году. Пасажырапаток «Белавіі» ўпершыню ў гісторыі авіякампаніі дасягнуў трох мільёнаў чалавек.
Чаму лоўкосты ня лётаюць у Беларусь?
Апошняя спроба наладзіць палёты бюджэтных авіякампаній у Беларусь належыць расейскаму лоўкосту «Победа». Аднак, паводле гендырэктара «Белавіі» Анатоля Гусарава, «Победа» адмовілася ад рэйсаў у Менск праз тарыфы на абслугоўваньне ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».
У расейскім жа авіяперавозчыку «лічаць, што расейскія авіякампаніі не павінны абслугоўвацца ў Менску па тарыфах нерэзыдэнтаў».
Гусараў мяркуе, што «Победа» магла прэтэндаваць на «нейкае асаблівае стаўленьне» ў вызначэньні тарыфаў, але «не знайшла ўзаемаразуменьня». Сама «Победа» сьцьвярджае, што чакае «роўных умоваў» для беларускіх і расейскіх кампаній — і пакуль іх не атрымае, не адновіць палёты.
Цэнавыя спрэчкі цягнуцца прынамсі з канца 2015 году.
Маршрут Менск — Масква — найбольш запатрабаваны ў зносінах паміж Беларусьсю і Расеяй. Квіток у адзін бок на рэйсы «Аэрафлёту» каштуе ў сярэднім 60 эўра, «Белавіі» — ад 50 эўра. Першапачаткова «Победа» гатовая была вазіць у Маскву і назад фактычна за траціну ад згаданых сумаў — да 20 эўра.