Reuters: расейцы, якія ваююць у Сырыі, выкарыстоўваюць базу Мінабароны пад Краснадарам

База на Google Maps (скрыншот)

Тройчы за апошні месяц групы мужчын у цывільным адзеньні, якія вярнуліся з Сырыі, адпраўляліся на базу міністэрства абароны Расеі паблізу хутара Молькіна пад Краснадарам. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на відавочцаў. Агенцтва мяркуе, што гэта байцы расейскіх прыватных ваенных кампаній.

Аўтобусы з прыбыўшымі з Дамаску групамі людзей, якія прайшлі праз службовыя памяшканьні, адпраўляліся з аэрапорту 25 сакавіка, 6 і 17 красавіка. Іх бачылі карэспандэнты Reuters. Па дадзеных агенцтва, аўтобусы праехалі па дарозе, якая, згодна са спадарожнікавымі картамі, вядзе ў вайсковую частку ў Молькіна, дзе знаходзіцца 10-я асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня Мінабароны Расеі. Дзяжурны афіцэр брыгады сказаў, што да іх ніхто не заяжджаў. Уладальнікі аўтобусаў пацьвердзілі агенцтву, што здаюць іх у арэнду, але не раскрылі каму менавіта. Адзін з суразмоўцаў назваў паездку ў Молькіна экскурсіяй.

Мінабароны і расейскае МЗС не адказалі на запыты агенцтва.

У пачатку красавіка Reuters упершыню паведаміла аб чартэрных пералётах авіякампаніі Cham Wings паміж Дамаскам і Растовам-на-Доне, якіх няма ў раскладзе растоўскага аэрапорта Платаў. Карэспандэнты агенцтва бачылі, што на гэтых самалётах з Расеі ў Сырыю вылятаюць «людзі ў камуфляжы». Са студзеня мінулага году Cham Wings, якая знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, зьдзейсьніла 51 палёт з Дамаску і Латакіі ў Растоў і назад.

Раней у сакавіку расьсьледавальная група Conflict Intelligence Team (CIT) пацьвердзіла сапраўднасьць здымкаў базы «прыватнай расейскай ваеннай кампаніі Вагнэра» ў​ Краснадарскім краі, якія апублікавала выданьне Znak. com. У CIT, вывучыўшы здымкі са спадарожніку, высьветлілі, што будаўніцтва базы «ПВК Вагнэра» ўу Молькіна пачалося ў лістападзе 2014 году і скончылася ня пазьней за сакавік 2016 году.

Па дадзеных СМІ, у шэрагах «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» каля чатырох тысяч чалавек. Найміты, як мяркуецца, ваявалі на ўсходзе Ўкраіны ў шэрагах сэпаратыстаў, а таксама ваююць у Сырыі на баку войскаў Башара Асада.

Крэмль адпраўку прыватных ваенных кантрактнікаў у Сырыю адмаўляе. Найміцтва ў Расеі забаронена заканадаўствам.