«Заўжды хочацца зрабіць штосьці незвычайнае». Інтэрвію зь беларускай, якая прабегла маратон на пратэзах

У маленстве Тацяна жыла ў Івянецкім інтэрнаце, мела пратэзы на нітачках і хавала іх пад штанамі. Сёньня яна носіць спадніцы і шорты, займаецца рознымі відамі спорту і вучыць бегаць дзяўчат на пратэзах.

У сярэдзіне красавіка 27-гадовая Тацяна Хвіцько-Трымборн (Khvitsko-Trimborn) зь Нясьвіжу чарговы раз трапіла на першыя палосы амэрыканскіх газэтаў. Гэтым разам пра яе пісалі як пра першую жанчыну, якая прабегла маратон у Сэнт-Луісе на двух пратэзах.

«Я дзіця Чарнобыля»

Таня Хвіцько нарадзілася ў Нясьвіжы ў 1990 годзе. Ад нараджэньня ў яе не было абедзьвюх ног, на адной руцэ — тры пальцы, на другой — адзін. Ні ў абодвух ейных братоў, ні ў бацькоў падобных праблемаў не было. Лекары на пачатку 1990-х зьвязалі асаблівасьць Танінага цела з наступствамі радыяцыйнага забруджваньня. Хоць у мэдычных дакумэнтах слова «Чарнобыль» ніколі не фігуравала.

«Яны лічаць, што я нарадзілася такой праз Чарнобыль, — кажа Таня. — І мы гэтаму верым. Таму я і кажу, што я дзіця Чарнобыля».

Калі я гуляла ў футбол, я адразу ламала пратэз і апыналася на калясцы

Хадзіць на пратэзах яна навучылася ў 4 гады. У школу пайшла ў Івянцы — бацькі аддалі дачку ў інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі фізычнага разьвіцьця. Калі Таня была ў другой клясе, яе першы раз запрасілі на аздараўленьне ў ЗША. Па праграме Project Restoration яна штолета на два месяцы езьдзіла ў штат Канзас. Фактычна ў Амэрыцы яна праводзіла больш часу, чым у родным Нясьвіжы, куды прыяжджала толькі на вакацыі.

Штогод у Амэрыцы дзяўчыне рабілі новыя пратэзы. На тых, што ёй давалі ў Беларусі, хадзіць было складана. Таня прыгадвае, што яны былі цяжкія і нязручныя.

«Здаецца, яны былі з дрэва, абцягнутыя скурай. Там трэба было нітачкі завязваць. А калі мне зрабілі пратэзы ў Амэрыцы, я ўжо магла больш-менш хадзіць», — кажа Таня.

Насіць спадніцы Таня (крайняя справа) пачала толькі ў Амэрыцы

Актыўная дзяўчынка, Таня часта апыналася ў інвалідным вазку, бо ламала пратэзы. Тата спрабаваў іх рамантаваць на пратэзным заводзе ў Менску. Але звычайна даводзілася чакаць наступнай паездкі ў Амэрыку, дзе выраблялі новыя.

«Амаль усе мае сябры мелі ногі. Было цяжка глядзець, як яны гуляюць у футбол, баскетбол, а я нават не магу пабегаць. Бо калі я гуляла ў футбол, я адразу ламала пратэз і апыналася на калясцы», — кажа Таня.

Навучылася бегаць у 21 год

У 2008 годзе Таня скончыла школу і паступіла ў каледж для дзяўчат у Канзасе. Яна жыла ў інтэрнаце і атрымлівала стыпэндыю. Таксама ёй дапамагалі тры канзаскія сям’і, якія апекавалася Таняй усе папярэднія гады. Потым яна скончыла бакаляўрэат і магістратуру ў MidAmerica Nazarene University.

Яна магла застацца ў Беларусі, але тут да людзей з пратэзамі ставяцца па-іншаму. Таня не была ўпэўненая, што зможа скончыць тут унівэрсытэт і потым уладкавацца на працу.

«Я баялася, што не змагу быць пасьпяховай тут. У Беларусі людзі ня ведаюць, як адрэагаваць на чалавека, у якога пальцы на руках не такія, як ва ўсіх, ногі не такія. Так было, на мой погляд, у той час», — кажа Таня.

З уласнага досьведу яна ведае, што ў Амэрыцы чалавека на пратэзах ня столькі шкадуюць, колькі падтрымліваюць. Там на яе не глядзяць як на «бедненькую дзяўчыну».

У мяне не было ніякіх ног, а тут я маю спэцыяльныя ногі для бегу. Гэта дзіўна, але мяне гэта робіць шчасьлівым чалавекам

«Усе людзі маюць нейкія праблемы. Хтосьці носіць акуляры, хтосьці хворы на рак, — кажа Таня. — Але ж людзі ня кажуць на кожнага, хто носіць акуляры — „якая ты бедная“. Гэта ж нонсэнс. Але на мае пратэзы рэагуюць па-іншаму».

Да пераезду ў ЗША ў Тані ніколі не было сукенак і спадніц. У Беларусі дзяцей прывучаюць хаваць пратэзы, і таму дзяўчаты заўжды ходзяць у штанах. Калі Таня ўжо вучылася ў каледжы, яна таксама па старой звычцы хадзіла ў штанах. Бо не хацела, каб на яе пратэзы зьвярталі ўвагу.

Усё перамянілася, калі яна атрымала лёгкаатлетычныя пратэзы. Праграма, па якой ёй бясплатна выраблялі пратэзы, разьлічаная толькі на людзей да 21 году. Калі яна прыехала ў шпіталь па апошнюю пару, ёй падаравалі карбонавыя пратэзы для бегу.

​«Адчуваньня, што ты хутка рухаесься, у мяне ніколі не было. Большасьць людзей нараджаюцца з нагамі, большасьць дзяцей пачынаюць бегаць у адзін год. Мне гэтага не ўдавалася, пакуль мне ня споўніўся 21 год».

Ад таго часу Таня па-іншаму ставіцца да сябе. Яна ўжо не цураецца пратэзаў, а наадварот, глядзіць на іх як на сваю перавагу перад іншымі людзьмі. Цяпер яна носіць і шорты, і спадніцы.

«У мяне не было ніякіх ног, а тут я маю спэцыяльныя ногі для бегу. Гэта дзіўна, але мяне гэта робіць шчасьлівым чалавекам».

Першая ў гісторыі маратону жанчына на двух пратэзах

«Дзякуючы бегу я пазнаёмілася са столькімі людзьмі, якія мяне падтрымліваюць, — кажа Таня. — Я бегаю хутчэй за многіх звычайных людзей. Бег мне дапамог стаць самой сабой. Я стала дапамагаць дзяўчатам на пратэзах, якія трапляюць у дэпрэсію».

Два з паловай гады яна прафэсійна займаецца бегам. У Тані добра атрымлівалася, і трэнэр аднойчы спытаў, ці ня хоча яна паўдзельнічаць у маратоне.

Калі я зьбяруся яшчэ раз прабегчы, гэта павінен быць маратон у Бостане ці Лёндане

«Я даволі моцны атлет і заўжды хацела прабегчы. Але ведала, што для мяне гэта будзе складана. Калі ён намякнуў пра маратон, вырашыла — чаму б не», — кажа Таня.

У ЗША маратоны праходзяць у дзясятках гарадоў. Сярод іх і Канзас-Сіці, дзе жыве Таня. Але праз рэльеф яна выбрала Сэнт-Луіс — горад у суседнім штаце Місуры. Там не такія вялікія перапады вышыняў.

Першы раз Таня ўдзельнічала ў маратоне ў Сэнт-Луісе ў 2017 годзе. Але на 31-м кілямэтры сышла з дыстанцыі. У той год была сьпёка, і дзяўчына, бегучы, піла недастаткова вады.

«Я была вельмі расчараваная. Я столькі месяцаў рыхтавалася, столькі людзей у мяне верылі і жадалі мне ўдачы», — кажа Таня.

На наступны год яна адолела ўсю дыстанцыю ў тым самым маратоне ў Сэнт-Луісе. Яна прабегла 42,5 кілямэтра за 4,5 гадзіны і стала першай жанчынай на двух пратэзах у гісторыі гэтага маратону. І, магчыма, першай беларускай спартоўкай, якая прабегла маратон на пратэзах.

Цяпер цэлы месяц ёй забаранілі бегаць. Асаблівасьць Тані ў тым, што калена ў яе ёсьць толькі на левай назе. На правай — каленны пратэз. І ўвесь час ёй даводзіцца працаваць адным сьцягном.

«Пакуль я нават ня думаю пра чарговы маратон. Гэта сапраўды вельмі цяжкае выпрабаваньне для людзей з рознымі пратэзамі, як у мяне. Але ў будучыні, калі я зьбяруся яшчэ раз прабегчы, гэта павінен быць Бостан ці Лёндан», — кажа Таня.

«Мне заўжды хочацца зрабіць штосьці незвычайнае для сябе»

За шэсьць год Таня ўдзельнічала ў сямі паўмаратонах. Яе сярэдні час — дзьве гадзіны. Штотыдзень яна прабягае каля 45 кілямэтраў. У будні бегае кароткія дыстанцыі а 4–5 гадзіне раніцы, каб пасьпець на працу а 8-й.

Яна працуе ў кампаніі Knit-Rite у Канзас-Сіці. Там вырабляюць адмысловыя шкарпэткі для людзей, якія носяць пратэзы. Спачатку Таня займалася продажам. А цяпер адказвае за піяр кампаніі, вядзе карпаратыўны блог, езьдзіць на канфэрэнцыі, дзе зьбіраюцца вытворцы пратэзаў. А таксама выкладвае фота ў фірмовых шкарпэтках у сваім інстаграме, на які падпісана 20 тысяч чалавек.

У вольны час Таня — валянтэрка, рыхтуе малых дзяўчат да бегу. Трэніроўкі праводзіць некалькі разоў на тыдзень. У канцы праграмы 6–10 гадовыя дзяўчаты прабягаюць 5-кілямэтровы крос.

Акрамя бегу, Таня займалася бодыбілдынгам. Але з прычыны складанай дыеты адмовілася ад гэтага ўжо праз год. Потым пераключылася на кросфіт.

«Мне заўжды хочацца зрабіць штосьці незвычайнае для сябе», — кажа Таня.

Яе новая мэта — трыятлён. У першым спаборніцтве Таня зьбіраецца ўдзельнічаць ужо гэтым летам. Яна будзе бегчы і плыць, а яе муж Джон — ехаць роварам. У будучыні яна зьбіраецца асвоіць і ровар. Праблема ў тым, што Тані патрэбная адаптаваная пад яе мадэль, а гэта дорага.

Ейны муж — трэнэр па цяжкой атлетыцы, ён дапамагае Тані з трэніроўкамі ў спартовай залі. Там яны і пазнаёміліся. Яго ўразіла дзяўчына, якая рабіла прысяданьні на двух пратэзах. Яны пабраліся шлюбам у 2017 годзе.

«Калі мяне называюць расейкай, я трошкі злуюся»

Разам з мужам Джонам Трымборнам

У Беларусі Таня не была 10 год. З бацькамі ўвесь гэты час размаўляе толькі праз скайп. Але вельмі хоча прыехаць. Каб паказаць Джону беларускія замкі, якіх няма ў Амэрыцы, і каб паўдзельнічаць у маратоне на радзіме.

«Сказала ўжо бацькам, што хачу прабегчы ў Беларусі 5–10 кілямэтраў ці паўмаратон. Абавязкова», — кажа Таня.

Я ня ведала, што буду настолькі пасьпяховая, як цяпер

За 10 год яна займела моцны амэрыканскі акцэнт і забываецца на расейскія словы. Зь цяжкасьцю, але можа гаварыць па-беларуску. У школе па мове ў яе былі пяцёркі.

Пра Беларусь у Канзасе асабліва нічога ня ведаюць. Краіну ў лепшым выпадку асацыююць з былым СССР. Ня больш.

«Мяне называюць расейкай. Я трошкі злуюся і кажу, што Беларусь — гэта не Расея. Ёсьць магчымасьць павучыць амэрыканцаў», — кажа Таня. У апісаньні да яе інстаграму сказана, што яна Belarus Native (ураджэнка Беларусі. — РС).

У інстаграме Таня піша, што яе перавага ў тым, што ногі зімой ніколі ня мерзнуць

Таня кажа, што сумуе па Беларусі як па радзіме, але сваім домам лічыць Канзас.

«Столькі людзей дапамагалі мне дабіцца посьпеху! — кажа Таня. — Я ведала, што тут мне будзе трошкі прасьцей. Так, я сумую па дому. Але тут я магу кіраваць машынай, я бегаю свабодна. Ня ведаю, ці магла б я гэта рабіць у Беларусі».

У івянецкім інтэрнаце Таня сьпявала ў хоры і думала, што ў будучыні можа стаць сьпявачкай. Пра бег і жыцьцё, якое мае цяпер, яна ня марыла.

«Як я ўяўляла сваю будучыню? Пэўна бязь бегу. Пэўна без магістратуры. Пэўна ня замужам. Я ня ведала, што буду настолькі пасьпяховая, як цяпер. Але заўжды ведала, што нешта будзе», — кажа Таня.

Больш за тое, свой посьпех Таня зьвязвае акурат са сваім целам і пратэзамі.

«Я ня ведаю, калі б у мяне былі нармальныя ногі і рукі, ці змагла б я быць настолькі ўпартай, настолькі ўдзячнай усяму, што маю, — кажа Таня. — Я нашмат мацнейшая з маімі пратэзамі».