Саюз палякаў Беларусі (СПБ) пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс заклапочаны магчымымі зьменамі ў Закон аб адукацыі, згодна зь якімі частку прадметаў у школах, дзе навучаньне вядзецца на мовах нацыянальных меншасьцяў, перавядуць на расейскую. Пра гэта Свабодзе сказаў сябра Галоўнага праўленьня СПБ Анджэй Пачобут.
Найбольш Саюз палякаў, паводле Пачобута, турбуе тое, што беларускія ўлады маюць намер унесьці зьмены ў Закон аб адукацыі. У выніку некаторыя прадметы ў школах з польскай мовай навучаньня — геаграфія, гісторыя, «Чалавек і сьвет» — будуць выкладацца на адной зь дзяржаўных моў. У СПБ ніхто не сумняецца, што на расейскай.
Сёньня ўсе прадметы ў такіх школах выкладаюцца па-польску — на мове нацыянальнай меншасьці.
«Пра гэта шмат дыскутавалі летась, але пасьля таго як у СПБ сабралі больш за 6 тысяч подпісаў супраць згаданых зьменаў, усё неяк заціхла, — згадвае Пачобут. — Але сёлета пра гэта ўжо загаварылі польскія журналісты. Ёсьць інфармацыя, што Міністэрства адукацыі падрыхтавала і перадало папраўкі да Закону аб адукацыі ў Палату прадстаўнікоў — і іх могуць у любы час прыняць».
Паводле яго, гэта рэальна пагражае адукацыі на польскай мове ў Беларусі, і Саюз палякаў будзе рэагаваць на такія захады.
Улады адмовілі ў адкрыцьці яшчэ адной польскамоўнай клясы
Яшчэ адна трывожная нотка, паводле Пачобута, паступіла ад горадзенскіх уладаў.
Бацькам, якія падпісаліся пад лістом, каб у школе з выкладаньнем на польскай мове сёлета набралі яшчэ адну першую клясу, адмовілі. Сябра Галоўнага праўленьня СПБ кажа, што дзяцей, якія займаюцца на падрыхтоўчых курсах, каб пайсьці ў першую клясу з польскай мовай навучаньня, ужо ня першы год болей, чым могуць зьмясьціць дзьве клясы.
«Мы казалі пра гэта чыноўнікам ад адукацыі. Бацькі сабралі подпісы пад пэтыцыяй, а ім адказалі, што няма такіх магчымасьцяў, паколькі школьны працэс давядзецца пераводзіць на дзьве зьмены. Але гэта надуманая прычына, бо ў Горадні амаль усе школы працуюць у дзьве зьмены», — кажа Пачобут.
Паводле яго, бацькі распачалі збор подпісаў у Міністэрства адукацыі з патрабаваньнем, каб усе дзеці, якія хочуць пайсьці ў першую клясу з польскай мовай навучаньня, мелі такую магчымасьць.
У Беларусі больш за 20 год дзейнічаюць дзьве школы з польскай мовай навучаньня: адна ў Горадні і адна ў Ваўкавыску. Апошнімі гадамі бацькі, якія хочуць, каб іхныя дзеці пайшлі ў школу з польскай мовай навучаньня, вымушаныя стаяць у чэргах, каб пасьпець падаць заяву на прыём дзяцей у першую клясу.
Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы
Каб вывучаць у школе беларускую мову — дастаткова 7 дзяцей. Як суседнія краіны спрыяюць беларускай мове