Паводле зьвестак Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў сакавіку склаў 926 рублёў 80 капеек.
Гэта на 76 рублёў 40 капеек больш за заробкі ў лютым, калі ў сярэднім беларусы атрымалі 850 рублёў 40 капеек. У студзені намінальны сярэдні заробак упаў на 13,7% (у параўнаньні са сьнежнем) і склаў 859 рублёў. Ад пачатку году заробкі беларусаў зьменшыліся на 11,51%.
Калі ж параўноўваць з сакавіком 2017 году, то налічаны сярэдні заробак павялічыўся на 156 рублёў 20 капеек. А рэальны сярэдні заробак вырас на 13,8%.
За люты працоўным Менску ў сярэднім налічылі 1 364 рублі 90 капеек. Гэта самы вялікі паказьнік па краіне. Найменшы — у Віцебскай вобласьці: 764 рублёў 80 капеек.
У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Кіраўнік краіны ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але па выніках 2017 году ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.