23 красавіка ў Менску адбыўся чарговы Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізаваны рэспубліканскім грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва».
Па выніках яго працы прадпрымальнікі вылучылі шэраг патрабаваньняў да ўладаў. Гэта рэчы, пра якія, паводле лідэра «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, «гаворыцца пастаянна, ня першы год, але нічога не вырашаецца».
Чаго хочуць індывідуальныя прадпрымальнікі?
- Увесьці патэнт на гандаль ураздроб.
«Калі працавалі без дакумэнтаў паводле патэнту, мы плацілі падатку на 100 мільёнаў даляраў больш, і працоўных месцаў было на 30 тысяч больш», — сказаў Шумчанка.
- Вырашыць пытаньне па выплатах па прынцыпе «не працуеш — ня плаціш».
«Па Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва нам нібыта паабяцалі, што павінны падпісаць адпаведны дакумэнт. Але пакуль што ён не падпісаны».
- Зьняць адказнасьць з прадпрымальнікаў, калі выплачаны ПДВ па накладных.
«Гэта асноўная пятля, якая вісіць на шыі ІП. Ты можаш працаваць і пяць гадоў, а потым прыйдзе праверка і ўбачыць, што подпісы, напрыклад, неарыгінальныя, зьдзелкі не было па віне расейскага боку — і канфіскуе ўсю выручку. І штрафы будуць дзясяткі тысяч даляраў».
- Істотна зьменшыць памер штрафаў.
- Забараніць канфіскацыю тавару.
- Прывесьці ў строгую адпаведнасьць з законам дзейнасьць гандлёвых аб’ектаў, якія належаць асобам зь Сярэдняй Азіі.
«Тут наогул не зразумела: альбо ўлады ня могуць, альбо ня хочуць вырашыць гэтае пытаньне. У свой час дзяржава вельмі добра ўмела наводзіць парадак, але тут чамусьці яна адыходзіць ад гэтага», — лічыць Шумчанка.
- Навесьці парадак у пытаньнях арэнды.
«Цяпер усё працуе па прынцыпе: як хачу, так і вярчу».
- Не пашыраць намэнклятуру тавараў для чыпаваньня ці маркіроўкі.
«Напрыклад, сёньня чыпуюць футры. Але яны хочуць зачыпаваць усю лёгкую прамысловасьць, і мы катэгарычна супраць. Гэта ўскладніць працу і павялічыць выдаткі, вельмі нэгатыўна адаб’ецца на ўсім бізнэсе».
- Не ўключаць індывідуальных прадпрымальнікаў у сыстэму прасочвальнасьці тавараў, якую плянуецца ўвесьці сёлета.
«Тут наогул паставяць крыж на ўсім бізнэсе, бо працаваць з расейскімі пастаўшчыкамі, якія самі не выконваюць патрабаваньні заканадаўства і потым не пацьвярджаюць факты зьдзелкі, вельмі складана».
- Уключыць у Раду па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце прадстаўнікоў «Пэрспэктывы» на сталай аснове.
Лідэр індывідуальных прадпрымальнікаў: «Мы пакуль ня можам дастукацца да Лукашэнкі»
У пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «дакладнай рэалізацыі» рашэньняў па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
Ён сказаў, што цяпер вядзецца «вялікая праца» па актуалізацыі заканадаўства з улікам дэкрэту «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Лукашэнка папярэдзіў распрацоўнікаў: «Ня сьмейце скажаць ні дух, ні літару прынятых рашэньняў».
Паводле кіраўніка краіны, «ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфэктыўнасьці».