Камітэт ААН у правах чалавека: улады Беларусі парушылі правы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава

Андрэй Саньнікаў адразу пасьля вызваленнья з турмы. Архіўнае фота 15 красавіка 2012 году

Улады Беларусі парушылі правы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Такое рашэньне прыняў Камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека наконт скаргі Саньнікава, паведамляецца на сайце ААН.

Сябры камітэту прызналі, што Андрэй Саньнікаў стаў ахвярай незаконнага пазбаўленьня волі, былі парушаныя яго правы на прыватнае жыцьцё, свабоду выказваньня думак і на мірныя сходы. Падчас турэмнага зьняволеньня зазнаў катаваньні ды іншыя віды жорсткага абыходжаньня.

У заяве камітэту адзначаецца, што права на мірныя сходы зьяўляецца адным з асноўных правоў чалавека і важнай умовай існаваньня дэмакратычнага грамадзтва: гэта права прадугледжвае магчымасьць арганізоўваць мірныя сходы ў грамадзкіх месцах, нават без папярэджаньня, і ўдзельнічаць у іх.

Сябры камітэту заклікалі Менск правесьці дбайнае бесстароньняе расьсьледаваньне абвінавачваньняў у катаваньнях і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці. Яны таксама заявілі пра неабходнасьць пагасіць судзімасьць Саньнікава і даць яму кампэнсацыю. Беларусь павінна таксама прыняць захады дзеля папярэджаньня падобных парушэньняў. Экспэрты са шкадаваньнем адзначылі што, нягледзячы на абавязак краінаў супрацоўнічаць з камітэтам, Беларусь не ўзяла ніякага ўдзелу ў разглядзе справы Саньнікава.

Андрэй Саньнікаў быў арыштаваны ў 2010 годзе, калі ўлады жорстка разагналі дэманстрацыі пратэстаў у сувязі з выбарамі прэзыдэнта. Ён быў кандыдатам ад апазыцыі і атрымаў пяць гадоў турмы праз абвінавачаньне ў арганізацыі «масавых беспарадкаў». Пасьля ён быў памілаваны прэзыдэнтам, аднак ня мае права балятавацца ў будучыні, паколькі ягоная судзімасьць не была пагашаная.

Лідэр апазыцыі накіраваў скаргу ў Камітэт ААН у правах чалавека, які сочыць за выкананьнем Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з Факультатыўным дадатковым пратаколам да пакту, у камітэт маюць права зьвяртацца асобныя грамадзяне. Андрэй Саньнікаў скарыстаўся гэтым правам, паколькі Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай гэтага пакту.