Сёньня адбылося пазачарговае пасяджэньне ўраду Армэніі пад старшынёўствам першага віцэ-прэм’ера Карэна Карапэт’яна.
Як паведамляе прэс-служба ўраду Армэніі, у заяве гаворыцца: «На пазачарговым пасяджэньні, у адпаведнасьці з ч. 14 арт. 7 закону Армэніі „Аб структуры і функцыянаваньні ўраду“ і на падставе заявы прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна, прэм’ер-міністар заявіў аб немагчымасьці выкананьня паўнамоцтваў.
У адпаведнасьці з пунктам 5 дадатку да ўказу № 412-L прэм’ер-міністра Рэспублікі Армэнія ад 21 красавiка 2018 году „Аб вызначэньні парадку замены прэм’ер-міністра ў выпадку адсутнасьці і немагчымасьці выкананьня паўнамоцтваў прэм’ер-міністра“, паўнамоцтвы прэм’ер-міністра выконвае першы намесьнік прэм’ер-міністра».
Учора адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Армэніі Сэржа Саргсьяна з апазыцыйным дэпутатам Нацыянальнага сходу Армэніі, лідэрам пратэстнага руху, які патрабаваў адстаўкі Саргсьяна, Ніколам Пашыньянам. Сустрэча доўжылася ўсяго некалькі хвілін, перамовы праваліліся. Саргсьян адмовіўся весьці «перамовы» аб сваёй адстаўцы, як гэтага запатрабаваў лідэр апазыцыі Нікол Пашыньян, і пакінуў гатэль.
Пасьля гэтага Нікол Пашыньян заклікаў прыхільнікаў зь яшчэ большым размахам працягнуць мірныя акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня, пасьля чаго апазыцыйныя дэпутаты Нікол Пашыньян, Арарат Мірзаян і Сасун Мікаельян былі затрыманыя. Аднак нягледзячы на затрыманьне лідэраў руху, колькасьць дэманстрантаў толькі павялічылася, акцыі пратэсту і мітынгі працягваліся на працягу ўсяго дня.
З затрыманымі парлямэнтарамі ўначы сустрэўся сьпікер парлямэнту Ара Баблаян. А сёньня першы віцэ-прэм’ер Карэн Карапэт’ян зьвярнуўся да генпракурора з просьбай адклікаць з парлямэнту хадайніцтва аб арышце дэпутатаў, а таксама сустрэўся зь Ніколам Пашыньянам, пасьля чаго дэпутаты былі вызваленыя і далучыліся да пратэстоўцаў, а прэм’ер-міністар Сэрж Саргсьян сышоў у адстаўку.