За збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы і адкрыцьця нацыянальнага ўнівэрсытэту аштрафавалі 10 чалавек. Агульная сума штрафаў — 350 базавых велічыняў (8575 рублёў).
Падчас збору подпісаў на ўдзельнікаў кампаніі, якую вялі «Малады фронт» і «Моладзь БНФ», склалі пратаколы паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34 «Парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». За збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы ў сакавіку-красавіку суды Менску аштрафавалі:
- Паўла Пракаповіча агулам на 100 базавых за два пікеты;
- Насту Гусеву на 15 базавых;
- Ягора Сергіенку на 50 базавых;
- Зьмітра Дашкевіча на 40 базавых;
- Дзяніса Мандзіка на 25 базавых;
- Ганну Сьмілевіч на 15 базавых;
- Вольгу Маёраву на 35 базавых;
- Аляксандру Патапаву на 10 базавых;
- Эдуарда Пальчыса на 30 базавых;
- Рамана Ганчарова на 30 базавых.
Збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы распачаўся ў Менску і некаторых гарадах Беларусі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. 27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.