Сёлета колькасьць замежнікаў, якія адпачываюць у Беларусі, істотна павялічыцца. Такі прагноз для журналістаў зрабіў 23 красавіка дырэктар Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня і санаторна-курортнага лячэньня Генадзь Балбатоўскі.
«Сёлета мы ўжо маем шмат заявак ад жыхароў краін Балтыі, Польшчы, Нямеччыны. Гэта вынік палягчэньня візавага рэжыму пры ўезьдзе ў Беларусь. Толькі ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях у зоне бязьвізавага рэжыму мы маем восем санаторыяў, дзе замежныя турысты могуць паўнавартасна адпачыць. Невыпадкова экспарт нашых паслуг за першы квартал узрос на 15%», — сказаў Балбатоўскі.
Паводле яго, летась 90% усіх замежнікаў, якія абралі Беларусь для свайго адпачынку, складалі жыхары Расеі.
А прапорцыя — беларусы і замежнікі — апошнія некалькі год трымаецца на ўзроўні 60% на 40%. Гэтыя лічбы за канкрэтны год калі і зьмяняюцца, дык ня больш як на 2% у адзін ці другі бок.
Пуцёўка для аднаго чалавека будзе каштаваць каля 57 рублёў за суткі
Сярэдні кошт пуцёўкі ў беларускі санаторый (стандартны двухмесцавы нумар) на аднаго чалавека ў першым квартале каштаваў 50 рублёў за суткі. Летам гэты кошт падрасьце прыкладна да 57 рублёў.
Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру сказаў, што арганізацыя складае ўнутраны рэйтынг лепшых санаторыяў. Пры гэтым ужываецца шмат крытэраў, у тым ліку і эканамічных. Па супольнай ацэнцы, у першую тройку ў 2017 годзе ўвайшлі санаторыі «Юнацтва», «Сосны» і «Баравое».
5 прыкладаў таго, як бязьвізавы рэжым зьмяняе Беларусь
У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка павялічыў бязьвізавы тэрмін знаходжаньня замежных турыстаў з 5 да 10 дзён для наведнікаў парку «Аўгустоўскі канал» — гэта ўвесь Горадзенскі раён і Горадня, для парку «Белавеская пушча» — тэрыторыя рэкрэацыйнай зоны «Берасьце» (само Берасьце, Берасьцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі раёны Берасьцейскай вобласьці, а таксама Сьвіслацкі раён Горадзенскай). Гэты «бязьвіз» тычыцца грамадзянаў 77 краінаў.
12 лютага мінулага году Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў пры прылёце ў менскі аэрапорт. Гэтае рашэньне Менску выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы.