У Расеі блякуюць адрасы сэрвісу абароны ад ботаў re:Captcha. Праблемы з Youtube і Gmail

Раскамнагляд унёс у рэестар забароненай інфармацыі IP-адрасы Google, якія адказваюць за сэрвіс re: Captcha — ён выкарыстоўваецца, каб адрозьніць чалавека ад праграмы-робата. У выніку ў некаторых сайтаў у Расеі ўзьніклі цяжкасьці з формамі для рэгістрацыі і ўваходу, на якіх выкарыстоўваўся сэрвіс «Вы ня робат?».

Акрамя таго, паводле папярэдняй інфармацыі, з блякаваньнямі Раскамнаглядам зьвязаныя і збоі ў працы на тэрыторыі Расеі відэапарталу Youtube.com і электроннай пошты Gmail.

13 красавіка Таганскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Раскамнагляду аб блякаваньні Telegram і пастанавіў неадкладна абмежаваць доступ да мэсэнджара, які адмовіўся даць ФСБ ключы шыфраваньня паведамленьняў карыстальнікаў.

Змагаючыся з абыходам блякаванняў, Роскомнадзор пачаў блякаваць мільёны IP-адрасоў, у тым ліку Amazon, Google і Microsoft. Праз блякаваньне адрасоў Google у расейскіх карыстальнікаў ўзьніклі праблемы з доступам да галоўнай старонкі пошукавіка (google. com), а таксама шэрагу сэрвісаў, у тым ліку да мапаў і службы перакладаў Google.

У Раскамнаглядзе патлумачылі ўнясеньне адрасоў Google у рэестар тым, што кампанія «ў парушэньне вэрдыкту суду» дазваляе карыстацца сваімі адрасамі мэсэнджару Telegram.