Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш прызнаў, што Рада Бясьпекі ААН у сваім цяперашнім выглядзе ня зможа ўрэгуляваць канфлікт у Сырыі. «Халодная вайна вярнулася», адзначыў ён у інтэрвію швэдзкай грамадзкай тэлевяшчальнай кампаніі SVT.
Аднак у гэтым супрацьстаяньні генэральны сакратар ААН бачыць некалькі важных адрозьненьняў ад аналягічнага пэрыяду XX стагодзьдзя. Тады быў сур’ёзны канфлікт паміж ЗША і Савецкім Саюзам. Цяпер гаворка ідзе пра інтарэсы некалькіх удзельнікаў, лічыць Гутэрыш. Паводле яго, акрамя ЗША і Расеі, у блізкаўсходнім рэгіёне вельмі актыўныя такія краіны, як Турэччына, Іран і Сырыя. Аднак буйныя гульцы ўжо не кантралююць усіх удзельнікаў канфлікту, як гэта было раней, заявіў Гутэрыш.
У самой Сырыі прысутнічае некалькі розных армій, змагаюцца разнастайныя апалчэньні з усяго сьвету, сутыкаюцца розныя інтарэсы, ёсьць канфлікт паміж сунітамі і шыітамі, ёсьць і іншыя рознагалосьсі паміж астатнімі часткамі рэгіёну. У гэтай сытуацыі наіўна лічыць, што ААН можа магічна вырашыць усе гэтыя праблемы, лічыць Гутэрыш.
У сувязі з гэтым ён таксама адзначыў неабходнасьць рэформы Рады Бясьпекі, якая, на яго думку, адлюстроўвае палітычную карціну сьвету пасьля Другой сусьветнай вайны замест сучаснага стану. У прыватнасьці, чальцы Рады Бясьпекі ААН у якасьці інструмэнту занадта часта выкарыстоўваюць права вэта, мяркуе Гутэрыш.
14 красавіка ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя нанесьлі ракетны ўдар па аб’ектах у Сырыі ў адказ на меркаванае прымяненьне сырыйскай урадавай арміяй хімічнай зброі ў горадзе Дума. Масква і Дамаск настойваюць, што хімічнай атакі не было. Рада Бясьпекі ААН не змагла прыйсьці да кампрамісу і прыняць рэзалюцыі аб меркаванай хімічнай атацы ў Сырыі. Пазьней Рада Бясьпекі таксама адхіліла праект рэзалюцыі, пададзены Расеяй, пра асуджэньне ўдараў па Сырыі.
Усё, што трэба ведаць пра авіяўдары ў Сырыі
21 красавіка Рада Бясьпекі ААН правяла пасяджэньне ў мястэчку Бакакра на поўдні Швэцыі. Разглядаліся магчымасьці для пераадоленьня ўнутраных рознагалосьсяў паміж сябрамі Рады ў пытаньнях спыненьня вайны ў Сырыі.