Сьвяты сынод Усяленскага патрыярхату прыняў да разгляду зварот ад прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі да Ўсяленскага патрыярха Варфаламея аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Пра гэта гаворыцца ў заяве на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзыдэнта.
«Сынодам Усяленскага патрыярхату прынята рашэньне аб пачатку працэдур, неабходных для прадастаўленьня аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. У прыватнасьці, будуць адпаведна праінфармаваныя іншыя памесныя праваслаўныя цэрквы».
9 красавіка Парашэнка сустракаўся з патрыярхам Варфаламеем падчас свайго візыту ў Турцыю і абмяркоўваў праблему аб’яднаньня цэркваў ва Ўкраіне, а 17 красавіка кіраўнік дзяржавы заявіў лідэрам парлямэнцкіх фракцыяў у Кіеве, што цяпер Украіна «як ніколі блізкая да зьяўленьня ўласнай аўтакефальнай памеснай царквы», і што гэтае пытаньне можа быць разгледжанае на саборы ў Канстантынопалі да 1030-годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі, то бок да 28 ліпеня гэтага году.
З пачатку 90-х гадоў ва Ўкраіне існуюць кананічная Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), а таксама непрызнаныя Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква (УАПЦ).