«Малады Ленін» прыйшоў да помніка ў Віцебску. ФАТАФАКТ 

Сьледам за віцебскімі камуністамі — прадстаўнікамі розных партый, якія традыцыйна прыходзяць да помніка Леніну на ягоны дзень нараджэньня, на плошчу прыйшлі віцебскія школьнікі.

Сярод іх «павіншаваць» свайго куміра прыйшоў ужо вядомы ў Віцебску 16-гадовы Арцём, навучэнец гімназіі № 2. Вядомасьць яму прынесьлі ня толькі пракамуністычныя палітычныя погляды, якія ён ахвотна дэманструе, але і вонкавае падабенства да «правадыра сусьветнага пралетарыяту».

Арцём падкрэсьлена апранаецца «пад Леніна»: яму бракуе хіба толькі хрэстаматыйнай бародкі, але пазнавальны вобраз ствараюць іншыя аксэсуары — кабат, белая кашуля і кананічная «ленінская» кепка. Ён пераняў нават жэстыкуляцыю, знаёмую па фільмах ленінскай тэматыкі.

Аднаклясьнікі кажуць, што ў падобным выглядзе ён прыходзіць і на заняткі ў гімназію. Летась на ўгодкі Кастрычніцкага перавароту ён чытаў вершы каля помніка Леніну і выказваў меркаваньні пра неабходнасьць узброенага паўстаньня. Гэта прыцягнула ўвагу журналістаў, інфармацыя дайшла і да адміністрацыі гімназіі, хлопца выклікалі «на сур’ёзную размову» да дырэктара.