Расейскія карыстальнікі паведамляюць пра перабоі ў працы пошукавіка і некаторых сэрвісаў Google. Збой пацьвярджаюць і дадзеныя маніторынгавых сайтаў.
Расейскія карыстальнікі паведамляюць пра праблемы з доступам да сайту і сэрвісу Google. Як паведамляе «РБК», у ноч на 22 красавіка ў сацсетках пачалі зьяўляцца паведамленьні пра праблемы з доступам да сайта пошукавай сыстэмы. Карыстальнікі таксама скардзіліся, што ня могуць зайсьці на пошту Google і іншыя рэсурсы кампаніі.
Праблемы з працай Google у Расеі паказваў таксама і маніторынгавы сайт downdetector.com. Паводле яго дадзеных, асноўныя праблемы паўсталі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Казані, Іжэўску і Краснаярску.
Карыстальнікі паведамляюць пра недаступнасьць Google праз такія расейскія правайдэры як «Ростелеком», AKADO, NetBynet и АТК.
Гендырэктар расейскага правайдэра Diphost Філіп Кулін на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў аб блякаваньні цэлага шэрагу IP-адрасоў Google. Афіцыйных камэнтароў Раскамнагляду па сытуацыі пакуль не паступала.
У Расеі заблякавалі Telegram. «Гэта толькі пачатак»
З 16 красавіка апэратары ў Расеі па рашэньні Раскамнагляду пачалі блякаваць мэсэнджар Telegram. Гэта адбылося пасьля таго, як Таганскі раённы суд пастанавіў заблякаваць сэрвіс з-за таго, што ён адмовіўся перадаць ФСБ ключы шыфраваньня, каб ФСБ магла атрымаць доступ да асабістай перапіскі карыстальнікаў. Прадстаўнікі Telegram заявілі, што яны не могуць гэтага зрабіць як па этычных, так і па тэхнічных прычынах.
Спробы Раскамнагляду заблякаваць Telegram прывялі да блякаваньня мільёнаў IP-адрасоў найбуйнейшых хостынг-правайдэраў і спадарожных праблемаў у працы сайтаў і сэрвісаў, не зьвязаных з мэсэнджарам Паўла Дурава.
Нягледзячы на ўсе намаганьні, мэсэнджар працягвае працаваць, а яго аўдыторыя нават узрасла.