Эўразьвяз, Вялікабрытанія і Кітай у суботу віталі адмову Паўночнай Карэі ад ракетна-ядзерных выпрабаваньняў, пра якую абвясьціў напярэдадні паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын.
У заяве кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ рашэньне ўладаў КНДР названа «пазытыўным крокам». Улады Брытаніі выказалі надзею на тое, што гэты крок азначае імкненьне Пхеньяну да «сумленных» перамоваў аб адмове ад ядзернай зброі. МЗС Расеі пакуль не выступіла з афіцыйным камэнтаром, расейскія агенцтвы цытуюць дэпутатаў Дзярждумы і членаў Савету Фэдэрацыі, якія вітаюць рашэньне Кіма.
Летась пасьля сэрыі ракетных выпрабаваньняў у КНДР Злучаныя Штаты неаднаразова заяўлялі пра магчымасьць нанясеньня ўдару па Паўночнай Карэі. У апошнія месяцы, аднак, напружанасьць пачала спадаць. Кім Чэн Ын пятніцу абвясьціў, што прыпыняе ўсе ракетна-ядзерныя выпрабаваньні, а таксама закрывае палігон, на якім былі праведзеныя шэсьць апошніх ядзерных выбухаў.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адгукнуўся на заяву Пхеньяну паведамленьнем у Твітэры, ацаніўшы гэтую навіну як «добрую вестку і для самой Паўночнай Карэі, і для ўсяго сьвету» і дадаўшы, што ён чакае сустрэчы з паўночнакарэйскім лідэрам, аб падрыхтоўцы якой было абвешчана нядаўна.
Кім у сваёй прамове таксама заявіў, што Пхеньян настроены на стварэньне спрыяльных міжнародных абставінаў для разьвіцьця эканомікі і росту дабрабыту людзей. Экспэрты зьвяртаюць увагу на магчымыя выгады нават частковага адкрыцьця эканомікі КНДР сьвету як для яе самой, так і для ўсіх навакольных краін. Адно толькі будаўніцтва транспартнага наземнага калідору з Кітаю ў Паўднёвую Карэю па тэрыторыі Паўночнай можа прынесьці абедзьвюм Карэям мільярды даляраў — піша агенцтва Bloomberg.