Лідэр пратэстаў у Ерэване: перамовы могуць быць толькі пра тэрміны адстаўкі прэм’ера. ВІДЭА

Нікол Пашыньян

Выступаючы перад шматлюдным мітынгам на плошчы Рэспублікі ў Ерэване, лідэр армянскіх пратэстаў Нікол Пашыньян адказаў на заклікі прадстаўнікоў улады да дыялёгу.

«Цяпер ужо позна для дыялёгу. Як гаворыцца, цягнік сышоў. Але гэта ня значыць, што мы не гатовыя абмяркоўваць некаторыя рэчы. Мы, вядома, гатовыя абмеркаваць тэрміны адстаўкі Сэржа Саргсьяна і ў сувязі з гэтым пэўныя ўмовы. І я гатовы сказаць — я думаю, вы ўсё пагодзіцеся з гэтым, — што мы ня хочам вэндэты і помсты. Калі Сэрж Саргсьян сыдзе ў адстаўку як мага хутчэй, гэта будзе карысна і для яго, і для Рэспублікі Армэніі», — заявіў Пашыньян.

Лідэр партыі «Грамадзянскі дагавор» прадставіў праграму зьмены ўлады ў Армэніі:

«1) Сэрж Саргсьян сыходзіць у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра. 2) Нацыянальны сход абірае прадстаўніка народу прэм’ер-міністрам. 3) Фармуецца часовы ўрад. 4) На працягу 20 дзён пасьля фармаваньня часовага ўраду, у адпаведнасьці з законам, гэта ўрад павінен прадставіць сваю праграму. Калі па ўзгадненьні палітычных партый Нацыянальны сход ня прыме гэтую праграму часовага ўраду, гэта прывядзе да прызначэньня датэрміновых парламенцкіх выбараў».

«Мы гатовыя абмеркаваць пункты гэтай праграмы з прадстаўнікамі [цяперашняй урадавай] Рэспубліканскай партыі, каб забясьпечыць плаўную перадачу ўлады народу без узрушэньняў», — заявіў Пашыньян, у той час як дэманстранты скандавалі: «Ніколa у прэм’ер-міністры».

У Ерэване ўжо 8-ы дзень працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць прызначэньня экс-прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна прэм’ер-міністрам Армэніі. Дэманстранты блякуюць вуліцы, масты, урадавыя будынкі.

Пратэстоўцы абвінавачваюць Сержа Саргсьяна ў тым, што ён не выканаў свайго абяцаньня аб тым, што ня будзе прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра пасьля заканчэньня свайго другога пяцігадовага тэрміну на пасадзе прэзыдэнта. Яны таксама лічаць, што ён не выканаў свае перадвыбарчыя абяцаньні на працягу 10 гадоў знаходжаньня ва ўладзе.

Напярэдадні Саргсьян і шэраг прадстаўнікоў кіруючай Рэспубліканскай партыі Армэніі заклікалі пратэстоўцаў да дыялёгу.

Армянскі палітоляг: Саргсьян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі

Дубноў: Армянскія пратэсты — гэта працяг беларускага і расейскага досьведу

Хто такі Нікол Пашыньян і куды вядуць ерэванскія пратэсты?