Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі папрасілі кантраляваць, каб сакрэтную інфармацыю ня скралі праз «разумную» бытавую тэхніку нямецкага вытворцы Bosch.
Нямецкі канцэрн Bosch адзначае 25 гадоў дзейнасьці ў Беларусі. З гэтай нагоды Менск наведаў прэзыдэнт групы кампаній Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі, Закаўказьзі, Сярэдняй Азіі і Манголіі Гансьюрґен Офэрштольц.

Гансьюрґен Офэрштольц
ТАА «Робэрт Бош» пачало працаваць у Беларусі ў красавіку 1993 году. Праз конкурс выбралі восем кандыдатаў, за першы год рэгіянальнае прадстаўніцтва зарабіла крыху больш за 300 тысяч эўра. Цяпер у кампаніі 50 супрацоўнікаў, гадавы абарот перавысіў 40 мільёнаў эўра. Аўтазапчасткі, бытавая тэхніка і награвальнае абсталяваньне — асноўныя пазыцыі, якія займае Bosch на беларускім рынку.
«Лепш я страчу грошы, чым давер, — працытаваў Гансьюрґен Офэрштольц выказваньне заснавальніка кампаніі Робэрта Боша. — Нашы спажыўцы цэняць такі падыход, таму мы працягнем умацоўваць ляяльную актыўнасьць, наладжваць партнэрства зь мясцовымі вытворцамі і прадпрымальнікамі».
Беларуская лібэралізацыя і прадказальнасьць
На перакананьне прадстаўнікоў кампаніі, апошнія захады беларускіх уладаў у лібэралізацыі эканомікі маюць паспрыяць ажыўленьню рынку. На гэта разьлічвае генэральны дырэктар «Робэрт Бош» у Беларусі Ўладзімер Рыбалоўлеў.
Уладзімер Рыбалоўлеў
«Нядаўні прэзыдэнцкі ўказ адкрывае шырокія магчымасьці і для прадпрымальнікаў, і для інвэстараў, — лічыць ён. — Мы маем вынікі апытаньня 58 нямецкіх кампаній, якія маюць камэрцыйныя інтарэсы ў Беларусі. Большасьць схіляецца да таго, што дзелавы асяродак робіцца больш прадказальным. Я памятаю, як у першыя гады нас прымушалі прадаваць 60% валюты, астатняе зьядала інфляцыя. Цяпер Нацбанк рыхтуецца скасаваць усе абмежаваньні».
Са значных аб’ектаў, абсталяваных сыстэмамі Bosch, Гансьюрґен Офэрштольц адзначыў салігорскі «Беларуськалій», жодзінскі БелАЗ, Мірскі замак, БелАЭС, «Чыжоўка-Арэну», Беларускі дзяржаўны цырк. Чакаецца падпісаньне кантракту на пастаўку камплектных частак для аўтавытворцы Geely, аднак напружвае няпэўнасьць: да сярэдзіны 2018 году ўзровень лякалізацыі вытворчасьці павінен перавысіць 50%, іначай «беларускі аўтамабіль» ня зможа пастаўляцца ў іншыя дзяржавы Эўразійскага эканамічнага саюзу бяз выплаты мыта. Тады давядзецца працаваць на склад.
Электронная архітэктура для беларускага «Джылі»
Ілюстрацыйнае фота. Аўтамабілі «Джылі» (Geely)
Раней прадстаўнікі Bosch таксама прапанавалі беларускаму боку разам рухацца ў кірунку разьвіцьця электрапрыводаў — летась адпаведны праект пачаў рэклямавацца на базе той жа «Джылі». Але, як адзначыў кіраўнік аддзелу аўтакамплектуючых беларускага прадстаўніцтва «Робэрт Бош» Аляксей Марчук, канкрэтыкі пакуль няшмат.
«Мы разглядаем праект перадусім з гледзішча наданьня інжынэрнай падтрымкі, — сказаў ён, — найбольш карыснымі былі б напрацоўкі ў арганізацыі „электроннай архітэктуры“. Аднак паўстае сур’ёзнае абмежаваньне, якое пакуль незразумела, як вырашыць, — лякалізацыя кампанэнтаў. У беларускага кіраўніцтва наконт гэтага выразнае патрабаваньне, трэба яшчэ абмяркоўваць».
Разумныя лядоўні як мэта для хакераў
Ілюстрацыйнае фота
Згодна з карпаратыўнымі плянамі, у рамках маштабнай праграмы «Разумны дом» да 2020 году практычна ўся бытавая тэхніка Bosch будзе здольная падключацца да інтэрнэту. Разам з тым «інтэлектуальныя» пыласосы, халадзільнікі, пральныя машыны павышаюць рызыку ўцечкі пэрсанальных зьвестак. Як гэтаму супрацьстаяць?
«У структуры Bosch ёсьць спэцыяльнае падразьдзяленьне, якое займаецца кібэрбясьпекай, ІТ-атакамі, — удакладняе Ўладзімер Рыбалоўлеў. — Бо ў шырокім кантэксьце гэта тычыцца ня толькі бытавой тэхнікі, але і, скажам, аўтамабіляў з аўтаномным кіраваньнем — таксама спакуса для рознага кшталту хакераў. Папярэджваючы магчымыя наступствы, мы паведамілі ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце, які закліканы абараняць нацыянальныя інтарэсы ў галіне высокіх тэхналёгій».
Такім чынам, прэзыдэнцкая структура зоймецца нязвыклымі для сябе функцыямі — будзе кантраляваць, каб асабістыя і дзяржаўныя сакрэты ня трапілі ў рукі зламысьнікаў праз інтэрнэт-трафік мікрахвалёўкі ці кавамашыны.