Гомельская абласная пракуратура выявіла звыш 50 будынкаў, якія ўяўляюць патэнцыйную небясьпеку для непаўналетніх. Гэта найперш даўгабуды і кінутыя пабудовы, якія арганізацыі й прадпрыемствы працяглы час не выкарыстоўваюць.
Першым у якасьці прыкладу на сайце пракуратуры называецца будынак лячэбна-дыягнастычнага цэнтру Гомельскага абласнога клінічнага шпіталю. Дакладней, гэта не будынак, а яго жалезабэтонны каркас. Спаруда занепадае ўжо два дзесяцігодзьдзі на балянсе абласнога ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва.
Моладзь аблюбавала даўгабуд месцам для сваіх «тусовак». Графіці на сьценах, бляшанкі й бутэлькі ад напояў пацьвярджаюць гэта. У верасьні мінулага году ў недабудаваным цэнтры адбылася трагедыя — 13-гадовая дзяўчынка, якая знаходзілася тут у кампаніі аднагодкаў, упала з 6-га паверху.
У свой час на будаўніцтва дыягнастычнага цэнтру бракавала грошай, а цяпер ён выглядае наагул безгаспадарным.
«Нашай лячэбнай установе гэты каркас сапраўды не патрэбен, — кажа галоўны лекар абласнога клінічнага шпіталю Ўладзімер Бугакаў. — Трэба прыняць кіраўнічае рашэньне, разабраць яго і на гэтым месцы пабудаваць стаянку для аўтамашын, каб вызваліць ад іх вуліцу Братоў Лізюковых. Гэта будзе па-гаспадарску».
У Петрыкаўскім раёне супрацоўнікі пракуратуры зьвярнулі ўвагу на сэлфі падлетка на вышынным будынку сушыльнага заводу. Непаўналетнія без асаблівых праблем траплялі на тэрыторыю прадпрыемства. Будынкі тут бяз вокнаў, дзьверы насьцеж, праёмы не агароджаныя. На тэрыторыі адкрытыя каналізацыйныя люкі, ёсьць зарослыя кар’еры 4-мэтровай глыбіні.
Падобныя небясьпечныя аб’екты выяўлены ў кожным раёне. Яны нязьменна прыцягваюць увагу падлеткаў.
У сувязі з выяўленымі парушэньнямі пракуратура накіравала ў Гомельскі аблвыканкам рэкамэндацыю з патрабаваньнем належным чынам паклапаціцца пра бясьпечныя ўмовы для жыцьця і здароўя непаўналетніх грамадзян. Восем службоўцаў у розных раёнах прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці.
Адзначаецца таксама, што летась на Гомельшчыне на 100 тысяч дзяцей мелася 6277 выпадкаў траўматызму. І траўмы дзеці ўсё часьцей атрымліваюць на незавершаных будоўлях.