«Чарнігаў для нас не замежжа». Як жыве беларуская станцыя Ёлча, якую абслугоўвае ўкраінская чыгунка

Станцыя Ёлча — адзіная ў Беларусі, якую абслугоўвае замежная чыгунка. Яна разьмешчана на 20-кілямэтровым участку дарогі, якую будавалі яшчэ за савецкім часам са Славуціча да ЧАЭС празь беларускую тэрыторыю. Цяпер «Укрзалізниця» бярэ ў арэнду гэты адрэзак, каб прамы цягнік па-ранейшаму вазіў атамшчыкаў.

Да Ёлчы па гэтай ветцы раз на тыдзень пускаюць электрычку з Чарнігава. За абслугоўваньне Украіна бярэ грошы з БЧ. Паслугамі электрычкі карыстаюцца жыхары Брагіна, Камарына і навакольных вёсак. Ад Камарына да Гомля 160 км, да Чарнігава — 60 км. Квіток да Гомля на аўтобусе каштуе 7-8 рублёў у адзін бок, ехаць чатыры гадзіны, ад Ёлчы да Чарнігава на электрычцы — 13 грыўняў (менш за адзін беларускі рубель), шлях займае каля гадзіны.

«У нас сваякі жывуць у Славуцічы і Чарнігаве. Ва Ўкраіне ўсё таньней каштуе. Чарнігаў для нас спрадвеку быў як абласны цэнтар. Да Гомля трэба трэсьціся чатыры гадзіны на аўтобусе», — кажуць мясцовыя жыхары.

Нядаўна з абвесткі на станцыі Ёлча яны даведаліся, што з 28 красавіка электрычка на Чарнігаў хадзіць ня будзе. Жыхароў Камарына гэта абурыла. «Канец сьвету! Нам электрычка патрэбная як паветра!», — кажуць мясцовыя.

«Укрзалізниця» бярэ зь Беларусі 6-7 тысяч швайцарскіх франкаў за абслугоўваньне станцыі

Апошняя станцыя на ўкраінскай тэрыторыі па шляху ад Чарнігава — Няданчычы. За ёй — беларуская Ёлча.

Далей — радыяцыйная зона і зноў тэрыторыя Украіны, ЧАЭС. Беларуская чыгунка ня можа пусьціць там свой цягнік. Па суботах украінская электрычка едзе «лішнія» 8 км да беларускай Ёлчы. Але не задарма. Ранейшы кошт складаў 465 франкаў за пару (туды і назад). За месяц выходзіла 6-7 тысяч швайцарскіх франкаў — столькі беларускі бок плаціць «Укрзалізниці».

Цяпер Украіна падняла цану на 70 франкаў за пару. Беларускі бок накіраваў сустрэчныя прапановы. У гэтыя дні маюць адбыцца перамовы. Калі іх удзельнікі дамовяцца наконт кошту — электрычка будзе хадзіць.

«Чарнігаў для нас як абласны цэнтар»

Пэнсіянэр Іван Протас жыве ў Камарыне. Яго сястра і пляменьнікі — у Чарнігаве. Ён даводзіць: маючы пэнсію 220 рублёў, як у многіх вяскоўцаў, выгадна рабіць пакупкі ў Славуцічы ці Чарнігаве.

Іван Протас

«Праблемы з мытнікамі, бо мяса нельга перавозіць, сала нельга, саджанцы нельга. Купіш вішаньку ці яблыньку — забяруць і выкінуць. Сумкі ўсе правераць, вытрыбушаць. Гэта зьдзек. Закрыйце тады тую мяжу, і ўсё!», — абураецца Іван Протас.

Ён лічыць, што адной суботняй электрычкі мала. Раней яны хадзілі па серадах, суботах і нядзелях.

«За суботу ня ўправісься. Мог бы пераначаваць у сваякоў і ў нядзелю вечарам дома быць, — дзеліцца суразмоўца.

Жыхары Камарына лечаць у Славуцічы і Чарнігаве зубы.

«У нас як пачнеш лячыць — зацягнуць на месяц. А там хутка — адразу запісаўся і падлячыў, і паставіў зубы. Я даўно ня езьдзіў, але раней было таньней у два разы. Тут паедзеш у Гомель, чатыры гадзіны ў адзін бок? Больш нэрваў і грошай страціш», — кажа мужчына.

У пэнсіянэркі Кацярыны Логвінавай брат жыве ў Чарнігаве, сястра — у Славуцічы. У Камарыне жанчына жыве адна.

«Чарнігаў для нас не замежжа, там жа нашы людзі ўсюды, сваякі ва ўсіх. Вось толькі дабрацца праблема», — кажа жанчына.

Буслы на станцыі Ёлча

Аўтобус да Славуціча ідзе толькі па серадах і пятніцах. А на брагінскі аўтобус да Чарнігава часам і ня сядзеш — хутка разьбіраюць квіткі.

Кацярына Логвінава ўсе гады лячыла зубы ў Славуцічы, бо там жыве і працуе стаматоляг з Камарына. «У нас чэргі вялікія і дорага. У Славуцічы — свой надзейны чалавек», — дадае пэнсіянэрка.

Яна кажа, што электрычка празь Ёлчу ніколі ня ходзіць парожняй — людзям даводзіцца часам і ў тамбуры ехаць.

28 капеек — і ты ў іншай дзяржаве

Спачатку беларусы бяруць квіткі на электрычку ў касе на Ёлчы, за беларускія рублі. Да Няданчычаў квіток каштуе 28 капеек. Ад Няданчычаў трэба браць квіток да Славуціча ці Чарнігава за грыўні. Кошт — 10 і 13 грыўняў адпаведна.

У размовах з жыхарамі Камарыну прагучала вэрсія, што электрычку хочуць адмяніць, бо многія мясцовыя не набывалі квіткі за 28 капеек да Няданчычаў.

«Можа, і не набывалі некаторыя. Таму, што сьпяшаліся заняць месцы ў вагоне, людзей жа шмат. Ды і аўтобус прыяжджае на станцыю якраз на адпраўленьне — мала часу. А з другога боку, дык хай наша касірка не сядзіць, а возьме апарат і прадасьць квіткі ў цягніку, як робяць гэта ўкраінцы. Калі Беларусі так не рэнтабельна — хай бы цану паднялі, але электрычку пакінулі нам», — разважаюць мясцовыя.

У Славуцічы — бацькі, у Камарыне — дзяўчына і праца

Украінец Станіслаў даўно сябруе зь беларускай Валерыяй. Хлопец мае права на жыхарства ў Беларусі. Жыве ў Камарыне, працуе ў радыяцыйным запаведніку. Кожную нядзелю маладая пара выпраўляецца ў Славуціч дапамагаць бацькам Станіслава.

«Калі электрычка хадзіла па суботах і нядзелях, гэта было добра, можна было пасьпець усе зрабіць. Адной суботы мала. Цяпер ехалі — электрычка поўная, і ў тамбурах стаялі людзі», — кажа Лера.

Пэнсіянэрка Зоя Іванаўна і чуць ня хоча, што электрычку адменяць.

«У мяне сястра ў Кіеве, мне трэба электрычка. Сёньня людзі хадзілі на аўтобус на Чарнігаў — але ўсе ня селі, вярнуліся назад, не хапіла месцаў», — кажа Зоя Іванаўна.

Аляксей Шубянок мае кватэру ў Славуцічы, а жыве ў беларускай вёсцы Краснае.

Аляксей Шубянок

«Я ў горадзе не прыжыўся. Мяне ў вёску цягне. Жыву тут, у Славуціч ежджу паглядзець кватэру. Напішыце вы куды, каб далі нам яшчэ ў нядзелю электрычку! Украінцы сюды едуць — на лецішчы, агароды садзіць. Нам усім трэба электрычка», — зазначае пэнсіянэр.

На аўтамабілі не паедзеш празь вялікія чэргі на мяжы

​Адна з жыхарак Камарына расказвае пра эканамічны складнік паездак у Чарнігаў.

«У нашай краме кіло яблыкаў каштуе 2 рублі 20 капеек, а там мы купляем яблыкі за 12 грыўняў — у два разы таньней! У Чарнігаве набываем бытавую тэхніку, зубную пасту... Курыныя галёнкі ў Чарнігаве па акцыі каштавалі на нашы грошы паўтара рублі, але мяса, здаецца, везьці нельга. Куртку, чаравікі, боты, шлёпанцы, галёшы там бяром. У суботу выходны, мы селі і паехалі на электрычцы, набылі ўсё неабходнае», — кажа жанчына.

Яе сям’я мае аўтамабіль. Але, кажа жанчына, ехаць на ім нязручна — на мяжы з Украінай вялікія чэргі, давядзецца прастаяць не адну гадзіну.

Украінцы празь бязьвізавы рэжым пачалі масава набываць танныя аўтамабілі ў Літве. Пасьля яны езьдзяць на замежных нумарах, а, каб пазьбегнуць аплаты вялікіх падаткаў, праз пэўны тэрмін «вывозяць» аўтамабіль за мяжу Ўкраіны. На пункце пропуску «Камарын» украінцы на аўтамабілях зь літоўскімі нумарамі перасякаюць мяжу, на мосьце разварочваюцца і едуць назад ва Ўкраіну. Праз гэта на пункце пропуску вялікія чэргі.

Шэсьць незвычайных фактаў пра пасёлак Камарын

  1. Мясцовыя распавядаюць, што за пасадку бульбы яны павінны здаць у гаспадарку макулятуру. Інакш ААТ «Камарынскі» ня ўключыць у сьпіс. 10 сотак бульбы — 10 кг паперы плюс 125 рублёў за пасадку. «Сваякам у Чарнігаве шмат рэклямы кідаюць у паштовыя скрынкі, у нас жа такога няма. Вось яны вязуць паперкі нам, каб мы здалі ў гаспадарку за пасадку бульбы», — патлумачылі камарынцы.
  2. Кажуць, што ў 2016 годзе электрычку зь Ёлчы адмянялі. І тады людзі перагарадзілі чыгунку. Паводле адной вэрсіі — бэтоннай плітой. Паводле другой — сасновымі бярвёнамі. Адны кажуць, што зладзілі такую акцыю на чыгуначным пераезьдзе жыхары Бярозаўкі. Другія — што пратэстоўцамі былі жыхары Галубоўкі... «Але цяпер сказалі, што хто будзе перагароджваць дарогу — выселяць адсюль, вывезуць!» — адзначыў адзін вясковец.
  3. Беларусы, якія працуюць на станцыі ў Ёлчы, атрымліваюць заробак ад украінцаў, у грыўнях.

    Станцыя Ёлча

  4. Камарынцам зручней, таньней і прасьцей лячыць зубы за мяжой, чым дома.
  5. Гэтай зімой жыхароў Камарына тэрарызаваў воўк. Драпежнік напаў на мужчыну проста на аўтастанцыі. Жыхар пасёлку чакаў аўтобус, а воўк прыйшоў і схапіў яго за куртку. У той жа дзень воўк напаў на мужчыну на запраўцы і ўкусіў за руку. Ваўка бачылі і ў пасёлку. У выніку зьвера застрэлілі.
  6. «Пашчасьціла з працай» — гэта для мясцовых значыць уладкавацца ў Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. Гэта «адзіная ў паўднёва-ўсходняй частцы рэспублікі тэрыторыя з адсутнасьцю антрапагеннай нагрузкі, якая служыць рэзэрватам захаваньня біялягічнай разнастайнасьці Палесься, Беларусі і Эўропы». У біягеацэнозах запаведніку сканцэнтравана каля траціны радыяцыйнага цэзію, які выпаў на тэрыторыю Беларусі, больш за 70% стронцыю і 97% плютонію.