Кароль Свазілэнду перайменаваў краіну, каб ня блыталі са Швайцарыяй

Ілюстрацыйнае фота. Нацыянальны сьцяг Свазілэнду на спартовых спаборніцтвах у Аўстраліі

Кароль Свазілэнду Мсваты Трэці пераназваў краіну ў Каралеўства эСватыні (Kingdom of eSwatini), або «Зямля свазі». Пра гэта ён абвясьціў падчас сьвяткаваньня 50-годзьдзя незалежнасьці ад брытанскага праўленьня. Манарх заявіў, што краіна «вяртаецца да свайго першапачатковага імя».

У адрозьненьне ад шэрагу іншых былых брытанскіх калёній, Свазілэнд не мяняў сваю назву пасьля атрыманьня незалежнасьці. Кароль раней неаднаразова выкарыстаў назву «Зямля свазі» на публічных мерапрыемствах, у тым ліку і на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН.

Паводле манарха, Свазілэнд (Swaziland) нярэдка блыталі са Швайцарыяй (Switzerland) праз падобнае напісаньне.

Дэлегацыя Свазілэнду (цяпер Каралеўства эСватыні) на пасяджэньні Генэральнай Асамблеі ААН

Мсваты Трэці — гэта апошні абсалютны манарх Афрыкі. Ягоная ўлада на тэрыторыі Свазілэнду неабмежаваная. Краіна набыла незалежнасьць ў 1968 годзе, да гэтага часу яна знаходзілася пад пратэктаратам Вялікай Брытаніі.