«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі перагледзець «драконаўскія палажэньні» закону аб СМІ

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала перагледзець папраўкі ў закон аб СМІ, якія 19 красавіка прыняла ў першым чытаньні Палата прадстаўнікоў.

У сваёй заяве «Рэпартэры бязь межаў» называюць прынятыя папраўкі «драконаўскімі палажэньнямі» і заклікаюць беларускія ўлады прыслухацца да прапановаў беларускіх мэдыяў. У арганізацыі адзначаюць, што грамадзянская супольнасьць Беларусі даведалася пра новы закон на апошняй стадыі яго падрыхтоўкі.

«Улады кажуць, што закон грунтуецца на міжнародным досьведзе і накіраваны на забесьпячэньне роўнасьці журналістаў і ператварэньне інтэрнэту ў абароненае асяродзьдзе. Але незалежныя журналісты, якія ўжо даўно скардзіліся на рэпрэсіўныя палажэньні існуючага закону аб СМІ, бачаць законапраект яшчэ больш небясьпечным асабліва для онлайн-мэдыяў», — гаворыцца ў заяве «Рэпартэраў бязь межаў».

Папраўкі ў закон «Аб СМІ» падрыхтаваў Савет Міністраў, 19 красавіка іх у першым чытаньні прыняла Палата прадстаўнікоў.

Паводле праекту, тэкст якога 2 красавіка апублікавала Беларуская асацыяцыя журналістаў, уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя асобаў, якія разьмяшчаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у тым ліку ў камэнтарах і на форумах. Прадугледжваецца абавязковая мадэрацыя камэнтароў інтэрнэт-рэсурсаў, адсутнасьць якой можа прывезьці да блякаваньня сайту. Таксама разглядаюць магчымасьць поўнага блякаваньня асобных сацыяльных сетак.

Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ