Акуляры за 600$ і чарніцы з пазалотай: сэнсацыі беларускі — найлепшай ювэліркі Чэхіі

Беларуска Настасься Алейнікава захапляееца мастацтвам зь дзяцінства. Скончыла мастацкую вучэльню ў Менску, адвучылася ў мастацкай акадэміі ў Празе, стала ювэлірам году і выйграла прэмію Czech Grand Design.

У інтэрвію Свабодзе яна расказала, для каго робіць акуляры за 600 даляраў, што яе натхняе на срэбраныя ўпрыгожваньні, чаму яна наўрад ці ўзялася б за нацыянальную сымболіку на сваіх творах і чаму не прамяняе Прагу на Лёндан і нават Менск.

З Настасьсяй мы сустрэліся ў шоў-руме KONCEPTSTORY на Ржэзачавай плошчы ў Празе. На месцы аказалася, што на гэтай самай плошчы тварыла іншая беларуска. У доме насупраць у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя жыла паэтка Ларыса Геніюш.

Настасься на фоне дома Ларысы Геніюш

​Памяшканьне, дзе мы чакаем Насту, яна здымае разам з калегамі, чэскімі дызайнэркамі. Адна зь іх тлумачыць, што Настасься дае цяпер інтэрвію, і раіць пачакаць. За 15 хвілінаў, якія мы яе чакаем, у шоў-руме пабывалі 7 кліентаў.

Ляўрэатку Czech Grand Design мы распазналі беспамылкова. Два розныя чаравікі, штаны і кашуля — ад знаёмых дызайнэрак.

Наста з Магілёва. Пасьля заканчэньня школы ў родным горадзе паступіла ў мастацкую вучэльню імя Глебава ў Менску. Пасьля спрабавала паступіць у Санкт-Пецярбург, але не атрымалася. І сёньня яна аб гэтым не шкадуе. Працягваць адукацыю вырашыла ў Чэхіі. Яе падкупіла блізкая мова і блізкасьць да дому.

«Чэхі прапаноўвалі іншаземцам такія ж умовы для паступленьня і вучобы, як і сваім грамадзянам. Таму перамагла прагматыка. Я ніколі датуль не была ў Празе, але зь першага дня ўсё склалася вельмі добра», — распавядае ювэлірка. ​

​Наста паступіла ў Мастацка-прамысловую акадэмію на спэцыялізацыю «мэтал і ювэлірныя вырабы». Чатары гады таму яна скончыла вучобу і з таго часу зарабляе на жыцьцё сваім майстэрствам.

Ужо на другім курсе яна атрымала так званае кляймо, то бо дазвол вырабляць уласныя ювэлірныя тавары са срэбра. Зь яго выканала і калекцыю «Скандынаўскі лес», якую дэманструе ў шоў-руме.

«Калі памятаеце, то ў дзяцінстве ўсе на травінку сілялі ягады і рабілі ягадны шашлык. У мяне гэтыя ягадкі — маліны, чарніцы, суніцы — на ланцужках або на завушніцах. Срэбраныя, а некаторыя з пазалотай».

Адна ягадка, як сьведчаць цэтлікі, каштуе каля 40 даляраў.

Побач калекцыя драўляных завушніцаў. Наста распавядае, што яна ўзьнікла ў супрацы з чэскім fashion-дызайнэрам, які натхніўся нідэрляндзкім жывапісам.

«Я зрабіла вялікія кроплі завушніцаў з кедру. Гэта вельмі лёгкі матэрыял. 10-сантымэтровая кропля важыла столькі ж, колькі і эбэнавае дрэва», — кажа Наста.

Чэхі вядомыя сваім кансэрватыўна-функцыянальным густам у модзе. Пытаюся ў Насты: ці не памылілася яна краінай з драўлянымі завушніцамі з кедру?

«Гэта праўда, чэхі цэняць практычнасьць. Але чым больш зьяўляецца новай моды, тым хутчэй зьмяняюцца густы і чаканьні ад уласнай моды. У маладога пакаленьня трошкі іншая філязофія жыцьця, людзі багацеюць», — тлумачыць беларуска.

З думкай пра гэтае новае пакаленьне Наста запраектавала экстравагантныя аправы акуляраў. Ім, дарэчы, яна прысьвяціла дыплёмную працу. У тым ліку і за іх яна атрымала прэстыжную прэмію Grand Czech Design.

«Гэта была даволі рызыкоўная тэма, але я бачу, што выбар быў эфэктыўным. Гэта 8-9 акуляраў на агульную тэму "Ўтопія". Нас натхніла літаратура science-fiction і дызайн 70-х гадоў, калі космас інсьпіраваў шмат каго з дызайнэраў».

Для іх вырабу Наста выкарыстоўвала італьянскі ацэтат цэлюлёзы. Гэта натуральны і самы якасны матэрыял для акуляраў. Аправа, якую Наста носіць сама, каштуе амаль 600 даляраў.

Пакупнікі твораў Насты — гэта мастакі, акторы, праскі бамонд, якім поўняцца ваколіцы плошчы ў раёне Прага-7, дзе мы размаўляем. Часам Наста робіць упрыгожваньні на замову. Аднойчы быў і заручальны пярсьцёнак з арнамэнтам. Але да нацыянальных узораў беларуска ставіцца асьцярожна.

«У прынцыпе, на замову я раблю ўсё, што не пярэчыць майму густу. Калі нешта пярэчыць, то нават вялікія грошы мяне не пераканаюць. Але з арнамэнтам я ня бралася б працаваць. Гэта вельмі сурёзная сымболіка, і ляпіць яе дзе папала я ня стала б».

​Адкрываць філію ў Беларусі Наста таксама пакуль ня думае. Па-першае, ніхто не прапаноўваў, а па-другое, прадаваць у Беларусі срэбраныя рэчы няпроста.

«Гэта вельмі ўскладняе справу. Адзін мой знаёмы працаваў у Беларусі са срэбрам, але вымушаны быў зьехаць. Бо калі ты не працуеш у буйной ювэлірнай майстэрні, то гэта вельмі складана».

У гэтым сэнсе Прага для Насты — ідэальны выбар. Тут ня толькі лёгка весьці бізнэс, але і проста жыць.

"Прага мне спадабалася зь першага дня. Тут шмат зеляніны, і гэта ня нейкі мэгаполіс, які душыць і выцягвае з чалавека ўсю энэргію. У Празе я адчуваю сябе як дома. Я не хацела б адсюль зьяжджаць — ані ў Лёндан, ані ў Беларусь».

Але ехаць у Лёндан Насьце ўсё ж неўзабаве давядзецца. Яна паедзе на выставу ў рамках London Craft Week у прэстыжнай Gallery SO London. А да 9 верасьня творы Настасьсі Алейнікавай можна пабачыць у Галерэі Цэнтральнай Чэхіі ў Кутнай Горы, дзе праходзіць яе пэрсанальная выстава.