У Гомлі адкрылася выстава, складзеная зь лістоў палітвязьняў за апошнія 22 гады

Выстава «Лісты палітвязьняў ад 1996 году да нашых дзён», Гомель

19 красавіка ў гомельскім грамадзка-палітычным цэнтры на Палескай вуліцы, 52 адкрылася выстава «Лісты палітвязьняў ад 1996 году да нашых дзён».

Яна падрыхтавана Цэнтрам дасьледаваньняў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, а ладзіць імпрэзу гомельская філія Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Пісьменьніца Паліна Качаткова (Сьцепаненка) сказала карэспандэнту Свабоды, што дасьледчыкі ўжо сабралі больш за 1400 лістоў палітвязьняў і лістоў да іх з волі. Частка зь іх трапіла ў экспазыцыю.

«Выстава мае сваю канцэпцыю: распавесьці пра парушэньні правоў чалавека пачынаючы з 1996 году, ад першага палітвязьня ў незалежнай Беларусі паэта Славаміра Адамовіча, які апынуўся за кратамі за верш, да цяперашніх. Частка экспазыцыі прысьвечана праваабаронцу Алесю Бяляцкаму», — сказала Паліна Качаткова (Сьцепаненка).

Алесь Бяляцкі. Паліна Качаткова (Сьцепаненка), Леанід Судаленка

​Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выступіць на адкрыцьці выставы. Адбудзецца прэзэнтацыя ягонай кнігі «Халоднае крыло Радзімы», напісанай у турме і празь ліставаньне перададзенай на волю.

«За гэтыя 22 гады толькі па крымінальных справах у Беларусі было больш за 200 палітвязьняў, і, канечне, паказаць усё ў адной выставе немагчыма. Але мы працягнем гэтую справу, выстава будзе пашырацца», — сказала Паліна Качаткова (Сьцепаненка).

Сярод экспанатаў выставы —

  • публікацыі зь першай незалежнай газэты «Свабода» за 1996 год,
  • ліст падтрымкі, дасланы Віктару Івашкевічу за краты ад Вацлава Гаўла,
  • фрагмэнты турэмнага дзёньніка паэта Славаміра Адамовіча,
  • малюнак, зроблены ў камэры мастаком Алесем Пушкіным,
  • маляўнічыя паштоўкі, якія цяпер робіць і дасылае з-за кратаў Зьміцер Паліенка.

Выстава «Лісты палітвязьняў ад 1996 году да нашых дзён», Гомель

У Гомлі выстава будзе да 5 траўня, а потым яе пакажуць у іншых гарадах Беларусі, сказала Паліна Качаткова (Сьцепаненка)..

«Мы хочам актывізаваць людзей, каб яны паглядзелі свае архівы і перадалі нам у калекцыю лісты палітвязьняў, каб яны ня зьніклі. І гэтай выставай мы працягваем вывучаць і захоўваць гісторыю грамадзянскай супольнасьці і негвалтоўнага супраціву за апошнія 24 гады», — сказала Паліна Качаткова (Сьцепаненка).

Больш за 20 тысяч лістоў салідарнасьці з палітвязьнем Бяляцкім апублікавалі ў адной кнізе