Усясьветны банк прагназуе для Беларусі ўмераны рост эканомікі

19 красавіка Ўсясьветны банк прэзэнтаваў эканамічны агляд для Рэспублікі Беларусь.

Эканаміст прадстаўніцтва Сусьветнага банку Марына Сідарэнка распавяла пра апошнія тэндэнцыі ў эканоміцы Беларусі.

Паводле яе, аднаўленьне беларускай эканомікі пачалося ў 2017 годзе, рост ВУП летась склаў 2,4%. У 2018 годзе эканамічны рост паскорыўся. Тэмпы росту ВУП у 2018 годзе не перавысяць 3%.

Рэальная зарплата вырасла на 6,3% у 2017 годзе, на пачатку 2018 году — амаль на 13%. Але рост зарплаты па-ранейшаму апярэджвае рост прадукцыйнасьці працы. Інфляцыя замарудзілася — да 6% ВУП, летась рост цэн склаў 5,4%.

Стаўка рэфінансаваньня зьнізілася на 6 пунктаў за год, таму назіраўся рост крэдытаў. Захоўваецца высокі ўзровень далярызацыі — 69% укладаў. Доля праблемных крэдытаў стабілізавалася на 13%.

Сярэднетэрміновыя пэрспэктывы эканомікі Беларусі — даволі складаныя з-за патрэбы ў зьнешнім фінансаваньні. Ваганьні расейскага рубля могуць прывесьці да ваганьня беларускага рубля.

Апошні даклад аб эканоміцы Беларусі Ўсясьветны банк апублікаваў 6 сьнежня 2017 году.

Тады экспэрты адзначалі, што пасьля двух гадоў рэцэсіі ў эканоміцы Беларусі пачаўся ўмераны рост. На наступныя два гады яны прагназавалі даволі сьціплыя тэмпы эканамічнага росту — каля 2%. Меркавалася, што рост ВУП у 2017 годзе складзе 1,8%, у 2018–2019 гадах — 2,1 і 2,4% адпаведна.

«Захаваньне даволі нізкіх тэмпаў эканамічнага росту зьвязанае са структурнымі недахопамі, якія стрымліваюць патэнцыял росту Беларусі і пагаршаюць стан унутранага попыту», — такую выснову зрабілі экспэрты 4 месяцы таму.

Днямі іншая ўплывовая ўстанова — Міжнародны валютны фонд — палепшыла прагноз для Беларусі. Калі раней МВФ прагназаваў толькі невялікі рост ВУП у 2018 годзе, усяго на 0,7%, то цяпер прагноз больш адчувальны: 2,8% у 2018 годзе, 2,4% — у 2019-м. Інфляцыю на 2018 год раней прагназавалі ня большай за 7,5%, цяпер — ня большай за 6%.

Аляксандар Лукашэнка на 2018 год паставіў задачу дасягнуць росту ВУП на 3,5%.

Паводле прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, ВВП Беларусі ў 2017 году вырас на 2,4% пры папярэднім прагнозе 1,7%.