35-гадовы гамяльчук Міхаіл Міхайлюкоў — інвалід па слыху зь дзяцінства. Праз сваё захапленьне спартовым арыентаваньнем мужчына ледзь ня трапіў пад кулю вартавога, калі прабягаў паўз агароджу вайсковай часткі № 63604. Воклічаў «Стой, хто ідзе!?» і «Стой, страляць буду!» Міхаіл не пачуў і спыніўся толькі пасьля папераджальнага стрэлу, адчуўшы вібрацыю ў паветры. Гамельчука затрымалі і абвінавацілі ў спробе незаконнага пранікненьня на тэрыторыю часткі (артыкул 23.14 КаАП).
«Трымаўся за агароджу вайсковай часткі»
«Міхаіл увогуле ня чуе. Яшчэ добра, што адчуў вібрацыю ад стрэлу на папярэджаньне, а калі б не? Маглі б і застрэліць, — расказала Свабодзе жонка падсуднага Тацяна Міхалюкова. — У той вечар ён, як звычайна, пайшоў бегаць — пракладаў маршруты па навігатары, займаўся стала, бо рыхтаваўся да спаборніцтваў. Час ішоў, а муж не вяртаўся. Я пачала пісаць яму. А ён адказаў, што не разумее, за што, але яго затрымалі».
Паводле яе, у вечар затрыманьня вайскоўцы па тэлефоне патлумачылі ёй, што Міхаіл спрабаваў пранікнуць на тэрыторыю часткі. Потым жанчыне сказалі, што яе муж трымаўся за агароджу вайсковай часткі. Сурдаперакладчыка пры разборы не было, Міхаіл адказваў на пытаньні вайскоўцаў пісьмова — ён умее чытаць па вуснах.
Адзін стрэл зь пісталета ТТ на папярэджаньне
Справу ў судзе Навабеліцкага раёну Гомлю 18 красавіка разглядаў судзьдзя Дзьмітры Новікаў. У пасяджэньні ўдзельнічала перакладчыца.
З адміністрацыйнага пратаколу вынікала, што 30 сакавіка прыкладна а 20.30 «з усходняга боку вонкавай агароджы пэрымэтру грамадзянін, ігнаруючы каманды вартавога, наблізіўся да агароджы, і, дакранаючыся да яе рукамі, спрабаваў пранікнуць на ахоўную тэрыторыю вайсковай часткі № 63604».
Да справы былі далучаны тлумачэньні вартавога, які дзейнічаў згодна з інструкцыяй: пасьля воклічаў «Стой, хто ідзе?» і «Стой, страляць буду!» зрабіў з пісталета ТТ адзін выстрал на папярэджаньне.
«Пасьля выстралу мужчына прысеў каля агароджы вайсковай часткі, потым ён быў затрыманы», — даў пісьмовыя тлумачэньні вартавы. Паміж ім і Міхаілам было каля 10-11 мэтраў.
«Я наблізіўся да чалавека, які цэліўся ў мяне, каб прачытаць па вуснах — што ён крычыць»
Міхаіл не прызнаў сваёй віны. Ён падрабязна расказаў, як выправіўся на прабежку 30 сакавіка а 20.00. Праклаў маршрут ад возера ў Навабеліцы да 104-га мікрараёну і пабег.
«На маршруце не было вайсковай часткі. Тады было цёмна, ляжаў сьнег. Калі я ўбачыў наперадзе ліхтары, то вырашыў, што прыбег у 104-ы мікрараён. Але ўбачыў нейкі плот і вырашыў абмінуць яго. Адчуў нешта падобнае на выбух. Прысеў, пачаў углядацца ў цемру, заўважыў постаць чалавека, які цэліўся ў мяне. Мне нешта казалі, крычалі, але я ня мог зразумець, бо я глухі. Таму наблізіўся да гэтага чалавека, каб прачытаць па вуснах, што ён мне крычыць», — тлумачыў Міхаіл.
Яго затрымалі, загадалі стаць на калені. Па вуснах мужчына прачытаў, што яму кажуць: «Пачакай». Ён чакаў, моцна зьмёрз. Потым на яго надзелі кайданкі. У Міхаіла пыталіся, для чаго ён хацеў пералезьці праз плот.
«А я наогул не падыходзіў да агароджы, я бег на адлегласьці 3-4 мэтры ад яе. Каля дзьвюх гадзінаў ночы мне далі падпісаць паперы, што я нешта парушыў, што была спроба пералезьці на тэрыторыю часткі. Я адмаўляўся, але мне сказалі, што гэта ня мае значэньня, мне нічога ня будзе — і я падпісаў», — распавядаў на судзе Міхайлюкоў.
Ноччу яго адвезьлі ў аддзел міліцыі, сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў. Абяцалі, што яму «нічога ня будзе». Але прыйшла позва ў суд.
Справу спыніць праз адсутнасьць складу правапарушэньня
На пасяджэньні праглядалі відэа з камэры назіраньня часткі. Міхаіл глядзеў яго з хваляваньнем і камэнтаваў праз перакладчыка: «Вы ж бачыце, што я ня лез праз плот, што я не трымаўся за яго!»
Судзьдзя яшчэ раз перагледзеў відэа, закрыў ноўтбук і вынес рашэньне: склад правапарушэньня адсутнічае, справу спыніць.
Паводле артыкулу 23.14 КаАП правапарушальніку пагражала ад 10 да 30 базавых ці арышт. У Міхайлюкова пэнсія — 150 рублёў. Інжынэр-канструктар, ён ня можа ўладакавацца на працу праз фізычныя асаблівасьці. У сям’і двое дзяцей, 5 і 16 гадоў. Міхаіл сказаў, што працягне займацца спартовым арыентаваньнем, але будзе больш дбайна выбіраць маршруты.